Пашпарты гатоўнасці атрымалі 50 працэнтаў школ Мінскай вобласці

14 августа 2015

Камісіі працягваюць ацэньваць гатоўнасць школ да новага навучальнага года. Завяршыць прыёмку ўстаноў адукацыі плануюць да 20 жніўня. Дарэчы, колькасць навучэнцаў ва ўстановах агульнай і сярэдняй адукацыі вобласці сёлета вырасце адразу на чатыры тысячы. Першакласнікаў таксама стане больш - для 16 тысяч дзяцей 31 жніўня прагучыць першы званок. Надзея Сербіненка адправілася на поўдзень вобласці, каб на свае вочы ўбачыць, як рыхтуюцца школы да сустрэчы вучняў.

Клецкая школа № 1 за гэта лета змянілася цалкам. Адноўлены не толькі фасад, але і ўсе вучэбныя кабінеты. Маштабная мадэрнізацыя абышлася ў 8 мільярдаў рублёў. Дарэчы, падрыхтавацца да навучальнага года школам дапамагаюць многія арганізацыі раёна.

Першага верасня на заняткі сюды прыйдуць 500 вучняў. Выкладаць прадметы ім будуць і маладыя спецыялісты - выпускнікі педагагічных ВНУ. Працэс навучання пастаянна ўдасканальваецца. Так, у сучасных кабінетах устаноўлены інтэрактыўныя дошкі, а ў кабінетах фізікі і хіміі - усё неабходнае для правядзення эксперыментаў. Асаблівую ўвагу надалі абсталяванню профільных кабінетаў.

А гэта ўжо сельская школа, адна з самых вялікіх у Клецкім раёне. У Заастравечча штодзень прыязджаюць 200 дзяцей з суседніх вёсак. Экалагічны профіль школы адчуваецца адразу. Кветкі і зялёныя насаджэнні тут паўсюль.

Зараз работнікі Заастравецкай сярэдняй школы заканчваюць падрыхтоўку тэрыторыі да навучальнага года. Аднавіць летні амфітэатр трэба да пачатку верасня, каб сустрэць тут свята першага званка.

Класныя кабінеты таксама падрыхтавалі. Дзесьці абышліся касметычным рамонтам і рэстаўрацыяй мэблі, а вось буфет аднавілі цалкам.

З-за недабору дзяцей у сельскай мясцовасці да першага верасня будуць закрыты 15 школ. Усіх дзяцей з гэтых школ перавядуць у суседнія - больш буйныя ўстановы адукацыі.