"Велікодная пісанка": аўтэнтычныя і сучасныя матывы

30 апреля 2021

Лічаныя дні застаюцца да самага светлага і важнага свята - Вялікадня. Сёння праваслаўныя вернікі ўспамінаюць евангельскія падзеі: распяцце Хрыста. І пакуль у цэрквах ідуць службы, дома - апошняя падрыхтоўка. Гаспадыні пякуць кулічы і, зразумела, фарбуюць яйкі. 

Аўтэнтычныя варыянты роспісу ёсць і ў Мінскай вобласці. Ад пакалення пакаленню перадаюцца традыцыйныя тэхнікі. Іх прадэманстравалі ў Стоўбцах. Дарэчы, самую вялікую калекцыю "Велікодных пісанак" прывезлі майстры з Клецкага раёна - 120 яек. Каларытную выставу ўбачыла Алена Вітко.

Пісанкі і крашанкі, драпанкі і маляванкі. Гэта толькі частка тэхнік роспісу яек, якія прадэманстраваны ў Стаўбцоўскім раённым цэнтры культуры. І хай палотны ва ўсіх аўтараў аднолькавыя, у кожнага раёна - свой каларытны дызайн. Гэтыя яйкі, напрыклад, аздобленыя пацеркамі, тут - карункі, а побач - саламяныя ўзоры.

Ювелірныя работы на шкарлупіне прадэманстравалі майстры з 7 раёнаў Мінскай вобласці. Лепшыя экспанаты з уласных калекцый яны прывезлі на свята-конкурс "Велікодная пісанка".

Яўген Сахута, старшыня журы, старшыня беларускага Саюза майстроў народнай творчасці, доктар мастацтвазнаўства:


Наколькі я ведаю, пакуль што у Беларусі больш няма такога свята, гэта ўнікальнае свята. Свята, звязанае за пачаткам вясны – з Вялікаднем. Калі лічылася традыцыяй аздабляць курыныя яйкі  як сімвал пачатку вясны, як сімвал адраджэння новага жыцця, як сімвал пачатку новага сельскагаспадарчага года.

Свята, якое арганізавалі шосты раз, аб'яднала 45 удзельнікаў  

Акрамя выставы, прайшлі мастацкія спаборніцтвы. За пэўны час трэба было стварыць свой непаўторны дызайн. Хтосьці ўпрыгожваў бісерам, іншыя прытрымліваліся аўтэнтычных спосабаў дэкарыравання.

Кожны этап добра ведае і самая маленькая ўдзельніца. 4-гадавая Міраслава Красюк прыехала сюды з братам Уладзіславам і маці. Фантазіі ў дружнай каманды ўдосталь: хопіць і на конкурс, і на хатні святочны стол.

Малюнкі гарачым воскам, арнаменты пэндзлем ці проста яйкі, афарбаванныя ў любімыя колеры. Варыяцый аздаблення шмат. Галоўнае - з якім настроем і думкамі падыходзіць да аднаго з галоўных сімвалаў Вялікадня.