Памятныя мерапрыемствы праходзяць у Беларусі

27 января 2016

У гэты дзень памятныя мерапрыемствы праходзяць і ў нашай краіне. У Мінску ледзь больш за гадзіну таму ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны скончыўся вечар памяці, на якім ушаноўвалі сем'і "праведнікаў свету" - беларусаў, якія ратавалі яўрэяў у гады вайны. Каб успомніць аб перажытых стратах і кашмарах мінулага, тут сабраліся і тыя, каму атрымалася выжыць у трагічных падзеях. Усяго ў гады Вялікай Айчыннай вайны на нашых тэрыторыях загінулі каля 800 тысяч беларускіх яўрэяў. Гады прайшлі, але памяць аб іх засталася.

Расказвае Наталля Бардзілоўская. Паводле яўрэйскай традыцыі, кожны чалавек жывы датуль, пакуль пра яго памятаюць. Сёння больш як 6 мільёнаў яўрэяў свету, якія сталі ахвярамі Халакоста, каля 800 тысяч беларускіх яўрэяў, знішчаных фашыстамі падчас Вялікай Айчыннай вайны і кожнага трэцяга беларуса, загінуўшага ў саракавыя 20-га стагоддзя, успаміналі ў Мінску. Мерапрыемствы ў Дзень памяці ахвяраў Халакоста пачаліся з "Шеэхіяну" - падзячнай малітвы Богу, якую ўзнеслі тыя, хто жыве цяпер. Яна гучыць у пачатку любой вялікай справы. Сёлета яўрэйскія арганізацыі і суполкі аб'ядналіся асабліва масава для таго, каб успомніць сваю трагічную гісторыю. Праграма памяці - у тры дні. Ахопленыя культурныя цэнтры, школы і ўніверсітэты. Апроч малітваў, круглыя сталы і лекцыі, канцэрты, кінапрагляды і дыялогі сведак Халакоста з цяперашнімі маладымі. Дарэчы, менавіта яўрэйская моладзь выступіла з ініцыятывай насыціць Дзень памяці як мага большай колькасцю і разнастайнасцю мерапрыемстваў. Ператварыць афіцыйную дату ў цёплую сустрэчу старых, якія перажылі генацыд, з іх нашчадкамі.

Людміле Кацнельсон сёння 79. Пяцігадовай разам з маці і трыма брацікамі і сястрычкамі яна была вязніцай Бабруйскага гета.

На думку гісторыкаў, на тэрыторыі цяперашняй Беларусі ў гады фашысцкай акупацыі дзейнічала каля 300 гета - ізаляваных яўрэйскіх селішчаў, агароджаных калючым дротам. У гісторыі кожнага беларускага горада - страшныя гісторыі людзей, пазначаных нашыўкамі жоўтых зорак. І драмы нашых народаў не толькі ў летапісах. У Беларусі, асабліва сучаснай, аб гэтым заўсёды гавораць і гаварылі. У мемарыялах і на месцы старых яўрэйскіх могілкаў (некалі найбуйнейшага ў Беларусі Мінскага гета) - памінальная малітва і сімвалічнае запальванне свечкі. Сёння тут успамінаюць не толькі мясцовых вязняў, але і шматлікіх яўрэяў з Еўропы, дэпартаваных фашыстамі на знішчэнне ў канцэнтрацыйныя лагеры, прызначаныя для масавых забойстваў. Адзін з найбуйнейшых - у Малым Трасцянцу пад Мінскам (сёння тут мемарыяльны комплекс). Фабрыкі смерці ў Масюкоўшчыне пад Мінскам, у Калдычаве і Шталагу - прыгарады Баранавіч і Гродна. І побач з цямрэчай таго часу, як пробліскі святла, сёння гучалі імёны "праведнікаў свету" - беларусаў, якія, рызыкуючы ўласным жыццём, ратавалі яўрэяў. Сямейныя трагедыі, звязаныя з Халакостам, натхнілі прадзюсара Юрыя Ігрушу, як і рэжысёра Канстанціна Фама, на стварэнне фільма "Туфлікі". Адрасная стужка прагрымела не на адзіным фэсце, а сёння расчуліла да слёзаў пажылых удзельнікаў Дня памяці малалетніх вязняў канцлагераў і гета, блакаднікаў Ленінграда, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

Сённяшні дзень самі яўрэі завуць не проста днём памяці, але і гераічнасці. Бо незлічоная колькасць яўрэяў плячом да пляча з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў змагаліся з фашызмам на франтах, у партызанскіх атрадах і тыле.