Астанкі загінуўшага ў фашысцкім канцлагеры чырвонаармейца перадалі яго праўнуку

13 февраля 2015

Астанкі загінуўшага ў фашысцкім канцлагеры чырвонаармейца Фёдара Прохарава перадалі яго праўнуку сёння ў Гродне. Мужчына спецыяльна прыехаў у Беларусь з Калугі, каб перавезці цела на радзіму. Як удалося высветліць экспертам, у 40-х гадах на тэрыторыі Гродна існаваў схаваны канцлагер для савецкіх ваеннапалонных - Шталаг-324. Менавіта на яго месцы ў пачатку 2000-х выпадкова выявілі невядомае раней пахаванне - астанкі больш як паўтары тысячы чалавек.

Аляксандр Кавун, галоўны спецыяліст Ваеннага камісарыята Гродзенскай вобласці: "Сярод астанкаў знойдзена 45 смяротных медальёнаў - так звычайна называлі вайскоўцы гэтыя медальёны - і 2 жэтоны ваеннапалонных. Па гэтых жэтонах і па ўкладышах у смяротных медальёнах было ўстаноўлена 21 прозвішча нашых пахаваных вайскоўцаў".

Алег Яршоў, праўнук загінуўшага чырвонаармейца: "Ён пайшоў з пачатку вайны, лісты пісаў вельмі часта. А потым ён проста знік пад Вязьмай. Больш ніякай інфармацыі пра яго не было. Як толькі прайшла інфармацыя, што знойдзены і апазнаны, першае маё жаданне было вярнуць на радзіму".

Астанкі чырвонаармейца сёння адправяцца ў Расію. У Калузе жыве дачка Фёдара Прохарава. Сваякі хочуць перапахаваць загінуўшага на радзіме.