ААН папярэджвае аб небяспецы эпідэміі дэзінфармацыі

2 мая 2020
Ахвярамі дэзінфармацыі ў наш час становяцца не толькі сусветныя палітыкі, але і цэлыя краіны. Напярэдадні Сусветнага дня свабоды прэсы Арганізацыя Аб'яднаных Нацый чарговы раз папярэдзіла свет аб гэтай небяспецы. Кіраўнік арганізацыі выказаў асаблівыя словы падзякі тым СМІ, якія ў няпросты час умеюць расказваць пра каранавірус праўдзіва і пэўна. 

Антоніу Гутэрыш, Генеральны сакратар ААН: "Дзейнасць журналістаў, работнікаў СМІ іграе вырашальную ролю ў тым, каб дапамагчы нам прымаць абгрунтаваныя рашэнні. Зараз, калі свет змагаецца з пандэміяй COVID-19, ад гэтых рашэнняў залежаць пытанні жыцця і смерці. Мы заклікаем урады і іншыя бакі гарантаваць журналістам магчымасць выконваць сваю працу. Пандэмія COVID-19 спарадзіла другую пандэмію - дэзінфармацыі: ад масы парад, што шкодзяць здароўю, да дзікіх тэорый змовы. Прэса павінна даваць проціяддзе: правераныя, навуковыя, заснаваныя на фактах навіны і аналіз. Сёння мы дзякуем тым сродкам масавай інфармацыі, якія паказваюць факты і аналіз, залучаюць у гэта кіраўнікоў усіх абласцей і гавораць праўду".