"Яна заўсёды ішла наперад і імкнулася быць толькі першай". Бацькі Марыны Васілеўскай прыехалі падтрымаць дачку на Байканур

20 марта 2024

Літаральна суткі застаюцца да эпахальнай для Беларусі падзеі. Упершыню ў гісторыі суверэннай краіны наш грамадзянін адправіцца ў космас! На борце карабля - першы касманаўт-жанчына!

Сёння ў аэрапорт Крайні прыбыў борт падтрымкі з Мінска. На ім - моладзь, навуковая супольнасць, спартсмены, беларусы, якія любяць космас. І галоўнае - родныя і блізкія Марыны Васілеўскай і Анастасіі Лянковай. Борт арганізаваны па рашэнні Прэзідэнта Беларусі. Рэйс атрымаўся касмічны ва ўсіх сэнсах. Васількі, зоркі, касманаўты - касмічная ліўрэя на лайнеры.

На Байкануры зараз апошнія падрыхтаванні да старту "Саюза МС-25". Ён прызначаны на заўтра ў 16 гадзін 21 хвіліну. "Беларусь 1" будзе весці прамую трансляцыю. А сёння адбудзецца пасяджэнне Дзяржкамісіі, якая зацвердзіць вынікі перадстартавай падрыхтоўкі.