Алег Навіцкі правёў экскурсію ў паўсядзённае жыццё касманаўтаў

23 января 2017

Чым харчуюцца касманаўты на арбіце? Што рабіць, калі раптам у скафандры зачасаўся нос? І як выглядае Мінск з космасу? Сёння ў 20-ці дзяцей з дамоў сямейнага тыпу з усёй Беларусі, з'явілася рэдкая магчымасць - экскурсію для іх у паўсядзённае жыццё касманаўтаў на арбіце правёў наш суайчыннік, Герой Расіі, Алег Навіцкі. Па відэасувязі з Цэнтра кіравання палётамі, якая доўжылася ўсяго 20 хвілін, касманаўт адказаў на дзясяткі пытанняў. Паказаў, як ядуць хлеб і боршч у бязважкасці, распавёў, што перад стартам усе члены экіпажа глядзяць фільм "Белае сонца пустыні", а на арбіце сон касманаўта павінен доўжыцца 8,5 гадзін - такія нормы.

Пагутарыць з Алегам Навіцкім прыехала і шматдзетная сям'я з Чэрвеня, роднага горада лётчыка-касманаўта. Спецыяльна для яго, усе разам, а ў сям'і шасцёра дзяцей, зрабілі невялікі, але вельмі сімвалічны падарунак.

Для Алега Навіцкага гэта ўжо другі касмічны палёт. У якасці камандзіра экіпажа "Саюз МС-03", у які ўвайшлі астранаўты з Францыі і ЗША, ён прабудзе на арбіце 180 дзён. За гэты час касманаўты правядуць больш за паўсотню навуковых эксперыментаў.