Брэсцкая Біблія. Пра помнік нацыянальнай кніжнай культуры

13 августа 2019

Самае вядомае выданне першай у Беларусі друкарні - Брэсцкая Біблія. Па кошце фаліянта, яго паліграфічных якасцях і мастацкім афармленні  Біблію не маглі перасягнуць на працягу 5 стагоддзяў. І сёння яна  ў арэоле загадак і легенд. Пра помнік нацыянальнай кніжнай культуры  -  Алена Борматава

Арыгінал Брэсцкай Бібліі. Кніжны рарытэт эпохі Рэнесансу і помнік інтэлектуальнай культуры. Сёння ў Беларусі  некалькі экзэмпляраў фаліянта. Два - у дзяржаўных фондах і  па тры  - у прыватных калекцыях. А яшчэ паўстагоддзя таму іх не было наогул. Апошні экзэмпляр знік падчас Вялікай Айчыннай вайны. 

Біблія была надрукавана ў першай у Беларусі Брэсцкай друкарні ў 1563 годзе. Інвестарам выступіў Мікалай Радзівіл Чорны. Брэсцкая Біблія стала адным з першых перакладаў з мовы арыгінала на сучасную гутарковую для таго часу мову, каб быць зразумелай для ўсіх. Для выдання фаліянта была створана спецыяльная камісія, куды ўваходзілі амаль 20 чалавек. 

Яе надрукавалі вялікім па тых мерках тыражом - каля тысячы экзэмпляраў. Кожная з гравюр - асобны твор мастацтва. Імёны тых, хто аздабляў фаліянт,  невядомыя, аднак тое, што мастакі добра валодалі нямецкай кніжнай традыцыяй - дакладна. Друк каштаваў вялізных грошай  параўнальна з гарадскім бюджэтам.

Брэсцкай Бібліяй карысталіся прадстаўнікі розных канфесій - кальвіністы, праваслаўныя і католікі. Яна была ў кожным храме Беларусі. Кнігу перадавалі ў спадчыну, дарылі ў якасці пасагу. У XIX стагоддзі яна стала легендай - пра яе загаварылі як пра бібліяграфічную рэдкасць. 

Сёння ў свеце вядома пра некалькі дзясяткаў экзэмпляраў Брэсцкай Бібліі рознай ступені захаванасці. Рэдкасці фаліянту надае той факт, што сын Радзівіла Чорнага - Мікалай Хрыстафор Сіротка - не пашкадаваў 5 тысяч злотых і выкупіў 500 экзэмпляраў Бібліі, каб публічна спаліць іх на плошчы ў Вільні.

Каб выратаваць Біблію, людзі выдзіралі першы ліст, каб не было магчымасці ідэнтыфікаваць сакральны помнік. Сёння ў свеце вядома пра 130 экзэмпляраў кнігі. І гэта даволі многа. Толькі якасць захавання розная - дзесьці цэлым застаўся толькі адзін ліст, некаторыя экзэмпляры ў ідэальным стане, як напрыклад, у бібліятэцы Кембрыджа. 


Некалькі гадоў вядуць перамовы з прыватным уладальнікам Бібліі, зараз яны на стадыі паспяховага завяршэння. І можна з упэўненасцю сказаць, што да свайго тысячагоддзя горад атрымае арыгінал Брэсцкай Бібліі. Яе кошт на бібліярынку вагаецца ад 20  да 150 тысяч еўра.