Каля двухсот школьнікаў далучыліся да акцыі "Чытаем па-беларуску з Velcom"

20 мая 2017

Слова Купалы і Коласа сёння гучала з вуснаў юных беларусаў. Каля двухсот школьнікаў з розных рэгіёнаў краіны на пляцоўцы галоўнай ВНУ ў Мінску далучыліся да адукацыйнай акцыі "Чытаем па-беларуску з Velcom".

Праекту ўжо паўтара года. За гэты час ён аб'ехаў усю краіну і аб'яднаў больш як 23 тысячы школьнікаў. У аснове адукацыйнай акцыі - інтэрактыўныя ўрокі для дзяцей малодшых класаў. Яны праходзяць квэсты, развучваюць беларускія танцы, удзельнічаюць у конкурсах чытальнікаў. Арганізатары ўпэўненыя, што праз гульню і творчасць змогуць прывіць любоў да нацыянальнай культурнай спадчыны краіны. А дапамагаюць ім у гэтым незвычайныя настаўнікі - дзіцячыя пісьменнікі, вядомыя спартсмены, дзеячы культуры і тэатральнага мастацтва.

Алена Масла, пісьменніца: "Самае галоўнае - цікавасць адно да аднаго была. И давер. А праз цікавасць і давер з'яўляецца цікавасць і да таго прадмета, дзеля якога мы аб'ядналіся. Да роднай вельмі цікавай культуры, якую без мовы спазнаваць немагчыма".

Вячаслаў Смірноў, начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый Velcom: "Мы прыводзім да іх класікаў, аўтараў беларускіх. Яны ўцягваюць дзяцей у нейкі інтэрактыў, робяць усё, каб дзецям спадабалася, каб яны па-добраму ўспрымалі ў будучыні ўсё, што звязана з беларускай мовай і літаратурай".

Сёння лепшых дзяцей адзначылі прызамі і падарункамі. Зараз праект разам са школьнікамі ідзе на вялікія канікулы. У новым навучальным годзе арганізатары абяцаюць прадоўжыць незвычайныя ўрокі, але ўжо ў новым фармаце.