Адміністрацыя Прэзідэнта працягвае прамыя тэлефонныя лініі

15 мая 2020
Звароты грамадзян сёння выслухаў памочнік Прэзідэнта - інспектар па Магілёўскай вобласці Аляксандр Субоцін. У тэлефонных размовах гучалі падзякі. Напрыклад, за ўвагу з боку дзяржавы да паўднёва-ўсходніх раёнаў - льготныя прэферэнцыі для вядзення бізнесу і будаўніцтва жылля. Прагучала і нямала скаргаў,  напрыклад, на якасць дарог. А вось забудоўшчыкі ў Буйнічах пад Магілёвам не могуць заехаць у свае дамы ўжо некалькі гадоў. Мясцовыя ўлады так і не вырашылі пытанне з пракладкай інжынерных сетак. Райвыканкаму даручана звярнуць увагу на праблему. 

Аляксандр Субоцін, памочнік Прэзідэнта Беларусі - інспектар па Магілёўскай вобласці: "Людзей, якія рэальна маюць патрэбу ў дапамозе, часам па той або іншай прычыне не чуюць. Таму мы пастараемся - да кожнага, хто тэлефанаваў сёння (іх было 24), мы дайдзём, кожную сітуацыю разбяром дэталёва, і ўсё, што залежыць ад нас, ад дзяржавы, мы паспрабуем зрабіць". 

Кіраўнікі ўсіх раёнаў вобласці знаходзіліся ў момант прамой лініі на відэасувязі, таму даручэнні прымаліся тут жа - анлайн.