Абнаўленне парка Белавія

23 января 2015

Значна бліжэй нам стануць шматлікія месцы на карце - дзякуючы абнаўленню парка Белавія. Сёння прыбыў новы самалёт. "Боінг 737-800" - самы вялікі ў флоце авіякампаніі. Лайнер дазволіць перавозчыку адкрыць новыя кірункі і знізіць цэны на білеты. На борт адным з першых падняўся Якаў Бута.

Душ па прылёце ў Мінск гэты "Боінг" не прымаў. Звычайна новыя лайнеры абліваюць з пажарных машын. Але гэтым разам з надвор'ем не пашанцавала.

Белавія не стала чакаць тры новыя "Боінгі 737-800", кантракт на пастаўку якіх падпісалі летась. Яны прыляцяць толькі ў 2016. Рост аб'ёму перавозак прымусіў перавозчыка ўжо зараз (перад летнім сезонам) папоўніць флот змяшчальным лайнерам, хай і ўжываным. У красавіку прыляціць яшчэ адзін.

Пілот Віктар Бранавіцкі прызнаўся, што яму прыемна лятаць вышэй і далей. Новы "Боінг" можа пераадольваць адлегласці больш за пяць з паловай тысяч кіламетраў.

З пастаўкай новага самалёта авіяпарк Белавія вырас да 27 лайнераў. Пятнаццаць "Боінгаў 737-300" і 737-500. Чатыры канадскія CRJ, чатыры новенькія "Эмбраер" двух мадыфікацый і тры Ту-154М, якія ў найбліжэйшы час плануюць вывесці з флота.

Галоўнае адрозненне "Боінга 737-800" ад папярэднікаў - даўжэйшы фюзеляж. Ёмістасць самалёта - 189 пасажыраў. Гэты лайнер стаў самым вялікім у авіяпарку кампаніі. Памеры новага самалёта дазволілі сцюардэсам нават прадэфіляваць перад аб'ектывамі камер. Увесь салон - эканом-клас. Гэта ідэальны варыянт для "лоў-кост"-перавозчыкаў. Гаворачы авіяцыйнымі тэрмінамі, цана аднаго крэсла мінімальная.

Новы самалёт дазволіць авіякампаніі адкрыць больш аддаленыя прамыя кірункі. 29 красавіка менавіта гэты лайнер адкрые маршрут Мінск - Алматы.