Пра здароўе гаварылі на тыдні ў Палацы Незалежнасці

24 мая 2020
Пра галоўнае - наша здароўе - на тыдні гаварылі ў Палацы Незалежнасці. Прэзідэнт паклікаў у рабочы кабінет свайго памочніка і кіраўніка Міністэрства аховы здароўя. Падстава сур'ёзная: ліцэнзаванне медыцынскіх паслуг. Калі гаварыць проста, ліцэнзія - гэта гарантыя для кліента, што працэдуру яму правядзе менавіта медработнік, а не майстар-самавучка. 

Увага такога высокага ўзроўню невыпадковая: колькасць скаргаў і судовых разглядаў расце, як і колькасць усё новых паслуг. Прэзідэнт адзначыў: тут патрэбна свайго роду залатая сярэдзіна. З аднаго боку, усе апошнія гады бізнесу спрашчалі працу, пазбаўляючы ад непатрэбных бар'ераў. Але з  другога,  на коне здароўе людзей. І тут ужо не да кампрамісаў. Словам, неабгрунтаванага кантролю не будзе. Але там, дзе трэба, спытаюць строга. 

Журналісты ведаюць: кіраўнік Міністэрства аховы здароўя  за апошнія месяцы адзін з самых частых дакладчыкаў Прэзідэнту. Эпідсітуацыя абавязвае. Вось і на гэты раз Аляксандру Лукашэнку паведамілі актуальныя  звесткі. Патрабаванняў да ўрачоў, вядома, нямала. Але галоўнае застаецца нязменным. 

У Прэзідэнта ёсць памочнікі ў кожным рэгіёне. Інфармуюць штодня. Так, Віцебск патроху вяртаецца да звыклай працы. Перапрафіляваныя калісьці пад COVID бальніцы пачынаюць прымаць ужо сваіх пацыентаў. Ды і Мінск таксама падцягваецца. Бо нямала і іншых цяжкіх хворых, якім таксама патрэбная тэрміновая дапамога.