Пра святочныя традыцыі

24 декабря 2017

Раство - гэта свята, напоўненае цяплом хатняга ачага, любоўю блізкіх, дабром, радасцю і надзеяй. Католікі да яго рыхтуюцца загадзя -- сем'ямі яны ўпрыгожваюць елкі і ўстанаўліваюць яслі. На стале толькі посныя стравы.

Вікторыя Патоня пра святочныя традыцыі. У вёсцы Турна жывуць хрысціяне. Але палова з іх святкуе Раство 25 снежня. Напярэдадні вечарам на стале ў католікаў павінна быць 12 страў па колькасці 12 апосталаў. І толькі посныя. У шматдзетнай сям'і Гамзюк традыцыі продкаў імкнуцца захоўваць. І накрываюць на стол паводле звычаю. Пад абрус кладуць сена. Гэты напамін пра беднасць віфлеемскай пячоры, дзе нарадзіўся Ісус Хрыстос.

На куццю ўся сям'я збіраюцца за сталом. Адно месца пакідаюць падарожніку, які выпадкова можа зайсці ў дом. Запальваюць свечку, галоўны ў сям'і зачытвае ўрывак з Евангелля. І дзеляцца аплаткай - посным хлебам.

Апошняя падрыхтоўка да Раства і ў храмах. Тут адчуваецца пах свежых ёлак, упрыгожаных спецыяльна да свята.

На куццю католікі захоўваюць пост, які заканчваецца з з'яўленнем на небе першай зоркі. Святочная імша пачнецца апоўначы. Праз некалькі гадзін у касцёлы на асаблівую службу прыйдуць цэлымі сем'ямі.

Асаблівае месца займае батлейка. Эпізод нараджэння Хрыста паўстае перад кожным вернікам. Людзі спачатку павінны падысці менавіта сюды, каб падзякаваць Збавіцелю за нараджэнне.

Для многіх Раство - свята, якое аб'ядноўвае. Сваякі імкнуцца згуртавацца і правесці гэты дзень разам.

25 снежня католікі ўсяго свету адзначаць адно з галоўных свят у хрысціянскім календары. Радасную вестку пранясуць і калядоўшчыкі.