У Пекіне прайшлі перамовы Аляксандра Лукашэнкі з Сі Цзіньпінам

25 апреля 2019

Кіраўнік беларускай дзяржавы знаходзіцца з рабочым візітам у Кітаі. Аляксандр Лукашэнка прыме ўдзел у мерапрыемствах форуму "Пояс і шлях". Сёння прайшлі перамовы беларускага лідара і Старшыні КНР Сі Цзіньпіна. Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў вынікі сумеснай працы па развіцці двухбаковага супрацоўніцтва. Краіны злучае давернае ўсебаковае стратэгічнае партнёрства. Такі высокі ўзровень узаемадзеяння афіцыйны Пекін падтрымлівае толькі з чатырма дзяржавамі, уключаючы Беларусь. Кітайскі капітал прысутнічае калі не ва ўсіх, дык у вельмі многіх сферах эканомікі нашай краіны. Адзін з самых паказальных праектаў дзвюх краін - індустрыяльны парк "Вялікі камень". Дарэчы, літаральна напярэдадні ў парку стала на аднаго рэзідэнта больш - зараз іх 44. Гэта высокатэхналагічныя кампаніі Кітая, Беларусі, Расіі, Аўстрыі і Германіі. Летась агульны гандаль Беларусі і Кітая дасягнуў гістарычнага максімуму - амаль чатыры з паловай мільярды долараў. Экспарт беларускіх прадуктаў вырас у 4,5 раза, малочнай прадукцыі - у 9! Аляксандр Лукашэнка запэўніў лідара Кітая, што краіна заўсёды можа разлічваць на падтрымку беларускага боку ў любой сферы.

Пасля завяршэння сустрэчы ў прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў былі падпісаныя дакументы аб развіцці двухбаковага супрацоўніцтва. А пасля ў Аляксандра Лукашэнкі адбылася сустрэча з намеснікам старшыні КНР Ван Цішанем. Год таму палітык прыязджаў у Беларусь з трохдзённым візітам, высокага госця Аляксандр Лукашэнка сустракаў у загараднай рэзідэнцыі, а так Кіраўнік дзяржавы прымае толькі самых паважаных і блізкіх гасцей. Зрэшты, даўняе сяброўства і даверныя адносіны беларускага лідара з кіраўніцтвам Кітая ў Паднябеснай завуць "жалезнае братэрства". І як адзначыў сёння на сустрэчы Ван Цішань, яно не паддаецца карозіі.

У гэтыя дні ў Кітай з'едуцца лідары амаль 40 краін. Гэта выдатная магчымасць правесці двухбаковыя перамовы. Аляксандр Лукашэнка сёння таксама сустрэўся з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мерзіёевым. У верасні мінулага года адбыўся афіцыйны візіт Кіраўніка беларускай дзяржавы ва Узбекістан, па выніках якога падпісана 19 міжнародных дакументаў. А пазней зацвердзілі дарожную карту. Цяперашняя сустрэча палітыкаў у Пекіне - магчымасць зверыць гадзіннікі, абмеркаваць выкананне дамоўленасцяў і новыя перспектыўныя праекты.

Падчас форуму "Пояс і шлях" Аляксандр Лукашэнка выкажа прапановы беларускага боку для развіцця гэтай глабальнай ініцыятывы, а таксама паглыблення супрацоўніцтва на еўразійскай прасторы з акцэнтам на стварэнні раўнапраўнай і празрыстай сістэмы міжнароднага гандлю. Чакаецца, што на палях форуму ў беларускага лідара адбудзецца цэлая серыя двухбаковых сустрэч з замежнымі лідарамі.



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя