Новыя факты выкрытых карупцыйных схем у сістэме аховы здароўя

11 июля 2018

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнародаваў новыя факты выкрытых карупцыйных схем у сістэме аховы здароўя. Колькасць фігурантаў гучнай справы павялічылася.

Сярод затрыманых за сістэматычнае атрыманне хабараў высокапастаўленыя службовыя асобы. Сярод іх намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі, генеральны дырэктар "Белфармацыі" Вячаслаў Гніцій, а таксама шэраг кіраўнікоў медыцынскіх устаноў. Паводле інфармацыі КДБ, да крымінальнай адказнасці такім чынам прыцягнуты больш за 60 чалавек, з іх 37 службовых асоб. Большасці ўжо прад'яўлены абвінавачанні па артыкулах "Атрыманне хабару", "Даванне хабару" і "Ухіленне ад выплаты падаткаў". Яны шматкроць атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за аказанне садзейнічання на пастаўку медабсталявання і медыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах, дадалі ў ведамстве. Так, пры атрыманні чарговага хабару памерам 5 тысяч долараў з доказамі злачынства затрыманы дырэктар ААТ "Экзон" Валерый Васкевіч, а пры вобыску ў гаражы і па месцы жыхарства дырэктара РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Аляксандра Бялецкага ў тайніках знойдзена каля паўмільёна долараў у эквіваленце.

Валерый Вакульчык, Старшыня Камітэта дзяржбяспекі Беларусі: "З улікам высокай цікавасці грамадскасці да спынення карупцыйных праяў у медыцынскай сферы лічу магчымым паведаміць, што Камітэтам дзяржаўнай бяспекі ў адпаведнасці з пастаўленай Кіраўніком дзяржавы задачай працягваецца работа па ўсебаковым і поўным расследаванні ўзбуджаных крымінальных спраў, выкрыцці прычын і ўмоў, што спрыяюць учыненню гэтых злачынстваў".

Чые яшчэ прозвішчы ў спісе фігурантаў гучнай крымінальнай справы? І якія памеры незаконнага ганарару карупцыянераў? Эксклюзіўнае інтэрв'ю для нашага тэлеканала даў старшыня Камітэта дзяржбяспекі Валерый Вакульчык. Мы пакажам і аператыўныя здымкі спецаперацыі сілавікоў.

Матэрыял рыхтуецца да эфіру. Не прапусціце праграму "Панарама" сёння вечарам.