Навагоднюю казку стварылі ў 14-й школе і 7-й школе-інтэрнаце Мінска

21 декабря 2017

Дабрачынны марафон «Нашы дзеці» гэтымі днямі дорыць маленькім мінчанам атмасферу сапраўднай навагодняй казкі. Канцэрты, паказы і квэсты. Для школьнікаў і самых маленькіх - сотні мерапрыемстваў.

Так, сёння падарункі і віншаванні з галоўным зімовым святам атрымалі вучні сталічнай 14-й школы - гэта дзеці з парушэннем слыху. Яны ж падзяліліся сваёй творчасцю і паказалі спектакль «Руслан і Людміла». Прэм'еру ўбачыла Аляксандра Кавеліч.

Гэтага дня вучні 14-й гімназіі для дзяцей з парушэннем слыху чакалі апошнія некалькі месяцаў. Разам шылі касцюмы, рыхтавалі творчыя нумарЫ, каб напярэдадні Новага года не толькі атрымаць падарункі, але і падзяліцца сваёй творчасцю з гасцямі. І хоць пачуць кожную ноту вучням складана, прэм'ера музычнай казкі «Руслан і Людміла», безумоўна, прайшла з поспехам.

У якасці першага ганарару гэтыя акцёры атрымалі салодкія падарункі і кнігі асабіста ад Дзеда Мароза. Адказная роля галоўнага навагодняга чараўніка сёння дасталася 9-класніку Паўлу Рэўту.

Навагоднюю казку стварылі і ў 7-й дапаможнай школе-інтэрнаце Мінска - там жывуць і вучацца дзеці з асаблівасцямі развіцця. Святочны канцэрт для іх падрыхтавалі равеснікі - вучні 12-й гімназіі. А карысныя гасцінцы прывезлі паважаныя госці. Менавіта такія сустрэчы для выхаванцаў гэтай школы - самы каштоўны падарунак.

Асаблівы клопат напярэдадні Новага года адчуваюць тысячы маленькіх жыхароў. Тых, каму ўвага і цяпло патрэбны асабліва. Толькі ў сталіцы падчас акцыі «Нашы дзеці» запланавана некалькі сотняў мерапрыемстваў.

Вось ужо 20 гадоў дабрачынны марафон «Нашы дзеці» дорыць маленькім мінчанам сапраўдны навагодні цуд. Канцэрты, паказы, віншаванні з любімым зімовым святам гучаць літаральна без перапынку. А галоўнае - далучыцца да добрай эстафеты і дапамагчы здзейсніць жаданні нашых дзяцей у гэтыя дні можа кожны неабыякавы чалавек.