Непрывабны выгляд набярэжнай ля Палаца спорту бянтэжыць мінчан

19 августа 2014

Разбітая плітка, зламаныя сметніцы і адсутнасць лавак уздоўж набярэжнай Свіслачы бянтэжыць мінчан. Недагледжаная пляцоўка за сталічным Палацам спорту псуе карціну ўвогуле ўсяго берага. Ці плануюць уладкаваць адно з любімых месцаў адпачынку і чаго хочуць мінчане, выходзячы на прагулку - у рэпартажы Таццяны Нікіцінай.



Незвычайныя клумбы, дагледжаныя дарожкі і абноўленыя лаўкі. З першага погляду, добраўпарадкаваная набярэжная Свіслачы. Але варта адысці крыху далей за Палац спорту і тут зусім іншы выгляд.


Цэнтр еўрапейскай сталіцы і многімі любімая набярэжная. Але тут няма ні пышных садоў, ні фігурных лавак, ні старадаўніх ліхтароў. Затое ёсць вось такая агароджа, якой ўжо больш за 20 гадоў. Часта на ёй, рызыкуючы зваліцца ў Свіслач, сядзіць моладзь. А ўсё таму, што і прысесці больш няма дзе.


Бераг Свіслачы - адно з самых аблюбаваных моладдзю месцаў для вольнага часу. Уладзіслаў і Вікторыя таксама прыходзяць сюды не толькі ў выхадныя, але і ў будныя дні.


Турыстычныя маршруты, як правіла, пралягаюць па гэтай частцы горада. Таму госці сталіцы ледзь не ў першую чаргу накіроўваюцца да Свіслачы.


Выдатная веладарожка, пракат двухколавых і катамаранаў, калі ласка. Але гэтага недастаткова для тысяч гараджан. Мінчане пажадалі, каб зялёных насаджэнняў уздоўж берага было больш. А яшчэ - гандлёвых пунктаў з марожаным и забаў для дзяцей.


Аднак у Мінскзелянбудзе і ў адміністрацыі Цэнтральнага раёна сталіцы ўпэўнены, што ў гэтай частцы горада забавы павінны мець спартыўную накіраванасць.


Сяргей Грэбень, намеснік кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска: Па набярэжнай за Палацам спорту праходзіць веладарожка. І вось гэтай набярэжнай за Палацам спорту плануецца надаць спартыўнае прызначэнне. Гэта пункты пракату катамаранаў, лодак, веласіпедаў. Прапановы грамадзян будуць разгледжаны. Частка прапаноў ужо рэалізавана пры падрыхтоўцы да чэмпіянату свету па хакеі. І да будучага летняга сезона таксама будуць разгледжаны прапановы па добраўпарадкаванні набярэжнай за Палацам спорту.


У Мінску ўжо ёсць месцы, якія па сваёй ўладкаванаcці і прыгажосці не саступаюць набярэжным Германіі, Швецыі або Англіі. Напрыклад, у парку Перамогі. Не дзіўна, што тут заўсёды шмат адпачывальнікаў рознага ўзросту. Бо і паглядзець ёсць на што, і месцаў харчавання дастаткова.


Парадак у сталіцы наводзіцца ў рэжыме нон-стоп. А прыгажосць набярэжнай Свіслачы ўсяго толькі справа часу. Але відавочна, што не гэтага сезона.