Незвычайны музей пад адкрытым небам ствараецца ў Жабінцы

1 февраля 2015

Яго экспанаты - машыны, па якіх можна прасачыць эвалюцыю меліярацыі на Палессі. Бульдозеры, краны, экскаватары, абсталяванне для пагрузкі торфу і будаўніцтва гідравузлоў… Усяго больш за 50 адзінак рарытэтнай тэхнікі, якую прывезлі сюды з усяго рэгіёна. І гэта толькі палова экспазіцыі. Самы стары экспанат - гусенічны кран 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Ён дагэтуль у страі і нават можа працаваць як аўтаномная электрастанцыя. Але большая частка "ветэранаў" адпрацавала свой рэсурс. Іх пачысцілі, пафарбавалі і выставілі на ўсеагульны агляд.

Яшчэ адзін гонар музея - так званыя "клін-баба" і "шар-баба". Маладыя меліяратары нават не ведаюць, што гэта такое. Вага рарытэтных экспанатаў 3-4 тоны. Прызначаліся яны для разбівання земляных камлыг і асабліва выручалі падчас марозу. Вядзецца рамонт і ў былой сталовай прадпрыемства. Там праз фатаграфіі і дакументы будзе наглядна паказаная гісторыя меліярацыі зямель у Брэсцкай вобласці.