Не забыты подзвіг медсясцёр у падземным шпіталі партызанскай брыгады "Жалязняк"

12 июля 2019

18 дзён пад зямлёй. Амаль без ежы і вады. І гэта вымушанае зняволенне - дзеля выратавання некалькіх дзясяткаў чалавек. Падземны шпіталь партызанскай брыгады "Жалязняк" існаваў на экстранны выпадак. Думалі, ніколі не спатрэбіцца. Але нацысцкая аперацыя "Баклан" і стала тым крайнім выпадкам. Аб подзвігу медсясцёр - Алена Борматава.

Сярод Дамяржыцкіх балотаў - на мяжы Мінскай і Віцебскай абласцей у Лепельскім раёне - сёння цэнтр Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Партызанамі былі выкапаныя дзве невялікія зямлянкі. У метр вышынёй, у два шырынёй і ў даўжыню метраў 10. Па сутнасці, дзве вялікія ямы. У адну змясцілі хворых тыфам, у другую - параненых. Яны маглі толькі ляжаць, медсёстры перасоўваліся паўзком. Зямлянкі знаходзіліся адна ад адной за паўкіламетра. У падземны шпіталь добраахвотна адправіліся сем медсясцёр. Самай старэйшай - 29, малодшай - 16. І яшчэ пяцігадовая дзяўчынка - дачка адной з медработніц. 

Для ачысткі сваіх тылоў у гэтую зону вермахт адправіў больш як 80 тысяч салдат рэгулярнай арміі, плюс авіяцыю і танкі. Адзін кіламетр прачэсвалі 700 чалавек, ішлі ланцугом за паўтара метра адзін ад аднаго. Шпіталь быў на невялікім астраўку сярод балотаў. Тут салдаты вермахта наладзілі палявую кухню. Шпіталь ахоўваў адзін з атрадаў брыгады "Жалязняк".

Чуючы нямецкую мову, параненыя рваліся ў бой. Медсёстры як маглі закрывалі партызан, каб нацысты іх не пачулі. Не хапала паветра, бо паветравод часткова быў засыпаны. Заканчвалася ежа і лекі. Бо іх пакінулі ўсяго на некалькі дзён. А ў шпіталі пад зямлёй людзі правялі больш як 2 тыдні. Выжылі ўсе. 

Пасля завяршэння карнай аперацыі і вызвалення раёна ў Бягомлі не знайшлося будынка для арганізацыі шпіталя. Медустанову адкрылі ў вёсцы Воўча. Сюды для лячэння перавялі ўсіх параненых і медперсанал з падземнага шпіталя.

Пасля вайны амаль усе медсёстры і санітаркі з партызанскага падземнага лазарэта звязалі жыццё з медыцынай. Яны працавалі ў бальніцах і фельчарска-акушэрскіх пунктах Бягомльскага раёна, Мінска, Чэрвеня. Сёння ў жывых няма нікога.