Шэсць узнагарод і першае агульнакаманднае месца чэмпіянату Еўропы па цяжкай атлетыцы

13 апреля 2019

Новыя рэкорды Еўропы і тытул лепшага цяжкаатлета кантынента! Гамяльчанін Яўген Ціханцоў у вагавой катэгорыі да 96 кілаграмаў на чэмпіянаце Еўропы ў грузінскім Батумі не пакінуў шанцаў сваім апанентам, паставіўшы рэкорды Старога Свету ў штуршку і па суме дваябор'я. Агульны вынік беларуса - 400 кілаграмаў. Такім чынам Яўген пакінуў ззаду сябе сярэбранага прызёра расіяніна Ягора Кліманава на 22 кілаграмы. Вынік Ціханцова стаў сур'ёзнай заяўкай на паспяховае выступленне на Алімпіядзе ў Токіа летам 2020 года. Беларусы выйшлі на першае агульнакаманднае месца. Гэта ўжо шосты медаль на чэмпіянаце Еўропы ў Батумі.

З перамогай Яўгена павіншаваў Аляксандр Лукашэнка: "Твая перамога на чэмпіянаце Еўропы ў дваябор'і, два малыя залатыя медалі, два кантынентальныя рэкорды - яркае і магутнае выступленне! Гэты поспех чарговы раз паказаў, што беларусы - моцныя і таленавітыя людзі, здольныя на многае. Віншую з перамогай і жадаю гэтак жа настойліва і ўпарта ісці да новых дасягненняў. Мы ганарымся нашай камандай!"

Ну а сёння ў барацьбу за медалі чэмпіянату Еўропы ўступаюць цяжкавагавікі. У гэтыя хвіліны тэлеканал "Беларусь 5" ужо вядзе прамую трансляцыю з Батумі фінальных спаборніцтваў атлетаў да 102 кілаграмаў. Тут падтрымліваем магіляўчаніна Вадзіма Стральцова. У 11 гадзін - эфір фіналаў у вагавой катэгорыі да 109 кілаграмаў. Беларусь прадставіць алімпійскі чэмпіён Пекіна - 2008 Андрэй Арамнаў.