Не ўсе гандлёвыя аб’екты сталіцы вытрымалі выпрабаванні спякотай

7 июля 2015

Так, праз парушэнне тэмпературнага рэжыму, умоў захоўвання і тэрмінаў рэалізацыі прадукцыі спецыялісты санэпідэмслужбы часова прыпынілі працу звыш 60 магазінаў і некалькіх гарадскіх рынкаў. Як сёння ідзе гандаль малочнымі, мяснымі і рыбнымі прадуктамі харчавання, убачыў Аляксандр Харавец.

Замест прадуктаў – пустыя вітрыны. Такую карціну сёння ўбачылі мінчане, якія прыйшлі ў крыты павільён Чыжоўскага рынку. Ужо пяць дзён як продаж скорапсавальных прадуктаў харчавання тут прыпыніла гарадская санслужба. Такая ж сітуацыя і на некаторых іншых сталічных рынках.

Таксама прыпынілася праца і звыш шасцідзесяці сталічных магазінаў. Прычына адна – парушэнне правілаў і ўмоў  захоўвання прадуктаў і тэрмінаў іх  рэалізацыі.

Тэрмін рэалізацыі некаторых відаў мясной, малочнай або рыбнай прадукцыі не перавышае трох сутак. Пры гэтым тэмпература захоўвання тых жа сыркоў або тварожных дэсертаў не павінна падымацца вышэй за шэсць градусаў са знакам “плюс”. Аднак вось у гэтых халадзільніках не заўсёды падтрымліваюць патрэбны тэмпературны рэжым.

Супраць адказных за якасць прадукцыі ўжо распачаліся адміністрацыйныя працэсы. Аднавіць сваю дзейнасць яны змогуць толькі пасля таго, як выправяць парушэнні.

Іна Кандрэскул, намеснік галоўнага ўрача Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі: "Санслужбай праводзіцца ацэнка стану гандлёвых аб'ектаў горада, рыначных утварэнняў, і з улікам таго, якія парушэнні выяўляюцца, з улікам тэмпературных умоў прымаецца рашэнне аб спыненні функцыянавання таго або іншага суб'екта гаспадарання, калі суб'ект гаспадарання наводзіць парадак і выконвае патрабаванні саннорм, аб'ект можа функцыянаваць".

Павільён на Чыжоўскім рынку адкрыецца толькі 11 ліпеня. А вось гандлёвыя рады з садавіной і агароднінай працуюць як звычайна. Зваротаў гараджан да ўрачоў з прыкметамі харчовага атручвання не зафіксавана.