Нацыянальнае агенцтва па турызме прапануе новыя турыстычныя знакі

24 января 2015

Спецыяльна для тых, хто вандруе на колах, Нацыянальнае агенцтва па турызме прапануе дапоўніць спіс турыстычных знакаў. Больш за дзясятак новых паказальнікаў дазволіць караванерам лепш зарыентавацца ў тым, якія ж паслугі даступныя ў беларускіх кемпінгах. Сярод рэкамендацый па развіцці гэтага напрамку ў нашай краіне - стварэнне афіцыйных сайтаў і размяшчэнне на інтэрактыўных картах еўрапейскіх пошукавых сістэм кемпінгаў. На стандарты і вопыт якіх краін абапіраліся пры падрыхтоўцы дакумента, а таксама як могуць выглядаць новыя знакі?

Матэрыял Наталлі Тарасюк. Поўнае ўяўленне пра ўсе паслугі кемпінга змогуць даць новыя паказальнікі. Распрацаваць і выкарыстаць 12 дадатковых турыстычных знакаў прапануе Нацыянальнае агенцтва па турызме.

Новы знак - "Аўтакемпінг" - паслужыць сігналам: у гэтым месцы турыст можа прыпаркаваць свой дом на колах. Пра тое, ці ёсць Wi-Fi, электрычнасць або санітарная станцыя, аўтатурыст таксама даведаецца па шыльдзе.

Менавіта адпачынак у кемпінгах і караванінг, згодна з падлікамі, выбіраюць 23% усіх еўрапейцаў. У Беларусі пакуль зарэгістравана толькі крыху больш за паўтысячы дач-прычэпаў.

Новыя знакі і паслугі дазволяць не толькі развіваць унутраны аўтатурызм, але і затрымацца даўжэй замежным караванерам.

Асновай для распрацоўкі новых знакаў паслужылі стандарты ЗША, у прыватнасці, штата Каларада, а таксама еўрапейскі стандарт якасці для кемпінгаў і сістэма зорнасці, распрацаваная аўтамабілістамі Германіі.

Пакуль у Беларусі менш як 20 кемпінгаў. Аднак да канца года іх можа стаць як мінімум удвая больш. Спецыялісты раяць уздоўж загружаных трас (а гэта, у першую чаргу, вядомая "алімпійка" - Брэсцкая траса і Гродзенская) развіваць транзітны кемпінг. Цікавы турыстам стане і кластарны кемпінг - размяшчэнне аб'ектаў паблізу славутасцяў і помнікаў архітэктуры.

Музейная экспазіцыя побач з кемпінгам ужо зараз прыемны бонус для падарожнікаў. Замежны аўтатурыст зможа не толькі вырашыць бытавыя пытанні, але і больш даведацца пра культуру нашай краіны.

Актыўна заяўляць аб сабе ў Глабальнай сетцы ўладальнікам кемпінгаў раяць і ў Нацыянальным агенцтве па турызме. Караванер з большай верагоднасцю выбера кемпінг, поўную інфармацыю пра які можна даведацца ў Інтэрнэце ўсяго за некалькі клікаў. Эфектыўным будзе і размяшчэнне на інтэрактыўных картах еўрапейскіх пошукавых сістэм кемпінгаў, што аб'ядноўваюць тысячы аб'ектаў па ўсёй Еўропе.