Сапраўдныя бомбы і выбухі - гомельскія следчыя правялі спецыяльныя вучэнні

21 октября 2018

У Гомельскай вобласці напярэдадні грымелі выбухі. Іх зрабілі падчас вучэнняў следчых на трэніровачным палігоне, дзе было закладзена некалькі бомб рознага тратылавага эквіваленту. Другая частка трэніровак прайшла ў горадзе. Паводле сцэнарыя, злачынец, рухаючыся ў заторы на матацыкле, да адной з машын прымацаваў бомбы і прывёў іх у дзеянне з дапамогай радыёсігналу. У выніку спрацавалі два прыстасаванні, адно з якіх - з паражальнымі элементамі. Задача следчых была забяспечыць ачапленне, ахову месца здарэння, сабраць доказы і ўсталяваць асобу злачынца. Адзначым, нягледзячы на ўмоўнасць сітуацыі, выбуховыя прыстасаванні былі сапраўднымі.

Аляксей Ісачэнка, намеснік начальніка ўпраўлення Следчага камітэта Беларусі па Гомельскай вобласці:

"У рэспубліцы такога навучальнага збору яшчэ не было, з мадэляваннем такой сітуацыі. Гэта наша навінка. Для следчага, калі ён пачынае працаваць на месцы здарэння, ён павінен мысленна змадэляваць сітуацыю, каб вызначыць, як будзе праходзіць агляд, што яму трэба зрабіць, на што звярнуць увагу".

Андрэй Бабкоў, следчы па асабліва важных справах Жлобінскага раённага аддзела Следчага камітэта Беларусі:

"За 24 гады службы такіх практычных вучэнняў не праводзілася ніколі за мой час службы. Сёння я набыў для сябе вялікі вопыт у галіне правядзення агляду месцаў здарэнняў на месцах выбухаў, падрываў. Таму гэта будзе даведзена да асабовага складу Жлобінскага аддзела Следчага камітэта. Я і калегі будзем кіравацца ў далейшай дзейнасці гэтым вопытам, набытым на палігоне".

Вучэнні праходзілі сумесна з медыкамі, ратавальнікамі, супрацоўнікамі Камітэта судовых экспертыз і вайскоўцамі. Дарэчы, падчас мадэлявання сітуацыі пасля ўзрыву аўто адбылося няпланаванае ўзгаранне. Пры гэтым супрацоўнікі МНС спрацавалі аператыўна і ліквідавалі агонь.