Напярэдадні свята ў школах праходзяць урачыстыя мерапрыемствы

3 октября 2014

Для выкладчыка гісторыі Віктара Жука час асаблівы. Сёлета ён стаў лепшым настаўнікам раёна і Мінскай вобласці, а затым і краіны! Хрустальнага жураўля і ганаровае званне атрымаў у суперфінале. Сёння ж віншуе Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Чым захапляе сучасных вучняў выдатны настаўнік? Даведалася Аляксандра Драгун.


Хрустальны журавель і ганаровае званне лепшага настаўніка ў Віктара Жука. Малады педагог з трохгадовым стажам пакарыў журы вынаходлівасцю і сучасным падыходам да навучальнага працэсу.


А 11-я школа ганарыцца выдатным настаўнікам. Сустракалі пераможцу не толькі апладысментамі. Хол упрыгожылі фатаграфіямі з фіналу рэспубліканскага спаборніцтва. У мінулым перажыванні і падрыхтоўка да конкурсу, таму лепшы настаўнік вярнуўся да свайго прызвання - заняткаў па гісторыі.


Нават у класе, дзе замест інтэрактыўнай дошкі звычайная з крэйдай, ён заахвочвае вучняў падзеямі мінуўшчыны. Безумоўна, у сваёй дзейнасці выкарыстоўвае і сучасныя тэхналогіі.


Спачатку Віктар Жук служыў у арміі, затым працаваў у сферы аховы дзяцінства. Няхай і самы юны настаўнік у школе, але ён добра ведае, як трэба выхоўваць дзяцей.


На ўрокі прыносіць артэфакты з раскопак і нават пераўвасабляецца ў сярэдневяковага рыцара. Дзесяць гадоў Віктар Жук захапляецца рэканструкцыяй гісторыі XIV стагоддзя. У даспехах і з мячом ўдзельнічае ў фестывалях. А са сваімі выхаванцамі ладзіць футбольныя турніры.


Сёння ў 11-й школе ў Маладзечне адзначаюць свята настаўнікаў. З гэтай нагоды на дзень абавязкі педагогаў узялі на сябе... вучні. Па выдатным ўзоры імкнуцца быць добрымі настаўнікамі.