Зборная Беларусі змагла адолець Румынію ў рамках Кубка Дэвіса

5 февраля 2017

Пераможныя навіны прыйшлі і з кортаў Рэспубліканскага цэнтра тэніса. Зборная Беларусі ва ўпартай пяціматчавай сустрэчы змагла адолець Румынію ў рамках Кубка Дэвіса. У вырашальнай гульні Ягор Герасімаў у трох сетах зламаў Адрыяна Унгура - 7:6, 6:4, 6:4. У пятніцу Ягор таксама прынёс ачко нашай камандзе, а напярэдадні 39-гадовы Максім Мірны разам з Яраславам Шылам выйграў парны паядынак. Вынік сустрэчы з Румыніяй - 3:2. Беларусы ўпершыню за шэсць гадоў гуляюць у першай групе Еўра-Афрыканскай зоны Кубка Дэвіса і ўжо атрымалі пуцёўку ў другі круг.

У красавіку беларусы пазмагаюцца з камандай Аўстрыі. У выпадку перамогі наша каманда згуляе за месца ў сусветнай групе Кубка Дэвіса, дзе мы не былі 13 гадоў. Лепшым дасягненнем айчынных тэнісістаў з'яўляецца паўфінал сусветнай групы ў 2004 годзе.