На час канікул у студатрады размеркаваныя амаль 5 тысяч чалавек

11 июля 2019

Набыццю практычных навыкаў у сваёй спецыяльнасці спрыяюць і студатрады. Плюс да ўсяго - гэта яшчэ магчымасць нядрэнна падзарабіць. На час канікул размеркаваныя амаль 5 тысяч чалавек. Праца не толькі на знакавых і гістарычных аб'ектах, але таксама добраўпарадкаванне і навядзенне парадку. Чаму моладзь сумяшчае адпачынак з працай - высвятляў Мікіта Дзяменц'еў.

Свае канікулы гэтыя школьнікі пачынаюць не з позняга ўздыму з ложка, а з ранняга інструктажу па ахове працы. Першым чынам - бяспека, гавораць на прадпрыемстве. А потым праца і грошы. У сярэднім зарплата студатрадаўцаў вар'іруецца ад 500 да 900 рублёў у залежнасці ад аб'ёму і складанасці прац.

Дарэчы, па дапамогу да моладзі звярнуліся больш як 270 прадпрыемстваў па ўсёй краіне. Паўналетнія адпрацоўваюць паўнавартасны 8-гадзінны дзень, маладзейшыя - у два разы менш. Праца сумленная: колькі зрабіў - столькі зарабіў.

Пагодныя ўмовы ўжо дыктуюць свае правілы і ўносяць карэкціроўкі ў рабочы дзень, але гэта не падстава для таго, каб хвалявацца. Для хлопцаў гэта, напрыклад, падстава пагутарыць. 

Праўда, каб правесці час з карысцю для свайго кашалька і пашырэння далягляду, так і на карысць горада, гэтым хлопцам і дзяўчынкам давялося папрацаваць загадзя. Добрая паспяховасць, належныя паводзіны і гутарка з будучымі працадаўцамі - крытэрыі, па якіх школьнікі і студэнты становяцца байцамі студатрадаў. Гэтым летам жаданне папрацаваць выявілі парадку 30 тысяч чалавек. 

Працуе моладзь і на знакавых аб'ектах. На гэтым тыдні працоўны дэсант з 250 студэнтаў высадзіўся на ўсебеларускай будоўлі ў Астраўцы, дзе дапамогуць з добраўпарадкаваннем АЭС і сацыяльных аб'ектаў горада.

Дарэчы, для брэсцкіх студэнтаў архітэктурная лакацыя ў палацы Пуслоўскіх стала не толькі месцам для працы, але і своеасаблівым гістарычным квэстам. Камандзір атрада Мікалай Разнічэнка гаворыць: такі падыход не толькі захапляе маладых людзей, але і прыносіць рэальныя гістарычныя дывідэнды - печкавыя кафлі, металічныя дэталі, астаткі шкляных прадметаў. Сярод знаходак ёсць нават манета 1864 года і дэкаратыўная накладка з гербам знакамітага беларускага роду. 

Захоўваюць гісторыю, не толькі добраўпарадкоўваючы замкі і помнікі, але і праз імёны. З гэтага года кожны новы студэнцкі атрад названы ў гонар Герояў Савецкага Саюза, якія ў Вялікую Айчынную абаранялі права на жыццё і свабоду сваіх нашчадкаў. 

Сёлета ў Беларусі зарэгістраваныя 383 студэнцкія атрады. Гэта амаль пяць тысяч чалавек. Працуюць байцы ў будаўнічых, экалагічных, вытворчых і нават медыцынскіх сферах. А самымі папулярнымі сталі педагагічныя і сельскагаспадарчыя атрады - там парадку 1200 байцоў у кожным. Дарэчы, нашы студэнты ёсць і за мяжой. Атрад з 50 чалавек зараз у Малдове на зборы абрыкосаў і персікаў.