На паўночны захад Еўропы ў найбліжэйшыя гадзіны абрынецца моцны ўраган са знаёмай беларусам назвай Хавер

5 декабря 2013

Выратавальныя службы шэрагу краін - у рэжыме павышанай гатоўнасці. Зачыняюцца аэрапорты, школы і іншыя ўстановы. Згодна з папярэднімі прагнозамі, шторм будзе настолькі маштабным, што яго адчуе нават поўдзень Еўропы. Метэаролагі папярэджваюць, што гэты ўраган можа стаць найбуйнейшым у рэгіёне за апошнія некалькі гадоў. Максімальнай сілы, паводле прагнозаў, шторм дасягне заўтра. Не абыдзе пры гэтым і Беларусь - у нас таксама чакаюцца парывісты вецер і моцная завея. Тут адразу ўспамінаюцца падзеі мінулай вясны - да прыходу таго Хавера не ўсе беларусы былі гатовыя…

Каб пазбегнуць тых жа памылак, наш карэспандэнт Ксенія Рабчынская спытала ў ратавальнікаў, што рабіць, калі бушуе стыхія.



Каторы дзень Еўропа ў чаканні вялікага снегу. Цыклон Хавер у назве ад свайго сакавіцкага калегі адрозніваецца толькі адной літарай, а вось розніцу ў магутнасці змогуць ужо гэтым вечарам ацаніць у Брытаніі, Галандыі і Скандынавіі. Цэнтральная Еўропа рыхтуецца сустрэць непагадзь заўтра. У некаторых школах нават адменены заняткі.


Франк Бетчэр, супрацоўнік Гамбургскага інстытута надвор'я і клімату: Мацней за ўсё пацерпяць паўночныя і ўсходнія вобласці Германіі. Самая складаная сітуацыя - у горных раёнах. Мы чакаем магутныя парывы ветру - да 150 кіламетраў за гадзіну.


Тоні Біспескаў, супрацоўнік чыгуначнай кампаніі DSB, Данія: Мы збіраемся цалкам спыніць рух на нашых чыгунках. Магчыма, гэта адбудзецца ўначы, калі ўраган дасягне апагею. Спачатку спынім рух на паўвостраве Ютландыя, а затым будзем зачыняць пуці па меры прасоўвання шторму.


Сёння розгаласы цыклона адчуваюцца і ў Беларусі. Вецер у нашай краіне дасягаў 20 метраў за секунду. Але ўжо заўтра ўзмоцніцца, абяцаюць сіноптыкі.


Цяперашні Хавер зарадзіўся над Паўночнай Атлантыкай і зараз з сярэдняй хуткасцю 60 кіламетраў за гадзіну перасоўваецца па Еўропе ў бок нашай краіны. Ужо заўтра па прагнозах ён накрые тэрыторыю Беларусі. Сіноптыкі аб'явілі аранжавы ўзровень небяспекі.


Для параўнання, леташні сакавіцкі шторм быў адзначаны чырвоным колерам - гэта значыць, што заўтрашняя непагадзь сур'ёзных праблем на хвасце ў парываў ветру прынесці не павінна, але ў МНС рэкамендуюць асабісты транспарт усё ж пакінуць дома, прычым: далей ад дрэў і рэкламных шчытоў.


Віталь Навіцкі, начальнік прэс-службы МНС Беларусі: Калі ў дарозе заспела непагадзь, то лепшы варыянт - гэта спыніцца ўключыць аварыйную сігналізацыю, пры гэтым зноў-такі ўпэўніцца, што над аўтамабілем няма нейкіх прадметаў, якія навісаюць, і лепш усё-такі не выходзіць з салона і перачакаць, звычайна на працягу некалькіх хвілін вецер супакойваецца.


Асаблівасцю шторму стане нізкі атмасферны ціск і завея. Але больш за ўсё непрыемнасцяў прынясе менавіта вецер - парывы могуць дасягаць 30 метраў за секунду. Тым, хто вырашыць перачакаць буру дома, ратавальнікі рэкамендуюць шчыльна зачыніць вокны і дзверы. Сціхаць бура пачне па прагнозах у суботу днём.


Дзмітрый Рабаў, начальнік службы гідраметэапрагнозаў гідраметэацэнтра Беларусі: У суботу захаваюцца складаныя ўмовы надвор'я таксама на большай частцы тэрыторыі захаваецца парывісты вецер, але пры гэтым дадасца яшчэ і галалёдзіца, таму што тэмпература паветра ўжо будзе нуль мінус шэсць.


Ужо ў нядзелю цыклон адправіцца ў падарожжа ў заходнюю частку Расіі, а ў нашай краіне з пачатку наступнага тыдня чакаецца паніжэнне тэмпературы, уначы слупок тэрмометра можа апусціцца да 14 градусаў з мінусам. Сіноптыкі спадзяюцца, што напамінкам аб шторме ў Беларусі стануць толькі вялікія гурбы, а ў снежні яны як ніколі дапамагаюць наблізіць навагоднюю казку.