На новым тэлеканале "Беларусь 4" першай пачне вяшчанне тэлерадыёкампанія "Магілёў"

11 августа 2015

Гэтай навіной з жыхарамі рэгіёна сёння падзяліўся кіраўнік галоўнага медыяхолдынга краіны Генадзь Давыдзька. Сустрэча ў фармаце адкрытага дыялогу прайшла з працоўным калектывам Бабруйскага мясакамбіната. Старшыня Белтэлерадыёкампаніі не толькі падзяліўся перспектывамі развіцця тэлеканалаў у першую чаргу рэгіянальных, але і цікавіўся поспехамі прадпрыемства. Як перапрацоўшчыкі праводзяць мадэрнізацыю і пашыраюць экспартныя пастаўкі, даведваўся Андрэй Ястрабаў.

Галіна Шчарбакова працуе на прадпрыемстве амаль 20 гадоў. Гаворыць, аб няпростай сітуацыі на заводзе, вядома ж, ведаюць усе. Але роднае прадпрыемства ніхто не пакінуў. Разумеюць: цяжкасці - з'ява часовая. Каб сёння ўтрымаць пакупніка, трэба працаваць, паляпшаць якасць прадукцыі і пашыраць асартымент.

Маючы амаль 300 мільярдаў рублёў крэдытаў, прадпрыемства вымушана было пайсці па-банку - узяць яшчэ столькі ж на мадэрнізацыю. На старым абсталяванні вырабляць канкурэнтаздольную, якасную прадукцыю было ўжо немагчыма.

На прадпрыемстве ўдалося рэалізаваць буйны інвестпраект - будаўніцтва новага цэха, дзе сканцэнтравалі асноўную частку перапрацоўкі. Усталявалі сучаснае абсталяванне. Пакуль працуюць у адну змену. Але ў выпадку павелічэння аб'ёмаў тут гатовыя перагледзець графік.

Пасля праведзенай мадэрнізацыі можна гаварыць і пра зусім іншы ўзровень якасці і пра колькасць. Аб'ёмы вытворчасці адразу павялічыліся, а разам з ёй і выручка. За суткі прадпрыемства перапрацоўвае да 50 тон мяса. Удасканаліць тэхналогію дапаможа суперробат. У выніку мясакамбінат адкрые новыя рынкі збыту.

Аляксандр Іваноў, галоўны тэхнолаг цэха ААТ "Бабруйскі мясакамбінат": "Гэта наш робат для ачысткі і стэрылізацыі туш. Зараз ён знаходзіцца на стадыі падключэння. Ён нам дазволіць павялічыць тэрміны захоўвання мяса з 14 да 45 сутак, што дасць магчымасць нашаму мясакамбінату працаваць на такія краіны, як Казахстан".

Але спачатку каўбасу і вэнджаніну з Бабруйска прапануюць расійскім пакупнікам. Ужо восенню гатовыя пастаўляць на суседні рынак прадукцыю ў шырокім асартыменце.

Дзмітрый Бонахаў, дырэктар ААТ "Бабруйскі мясакамбінат": "Трэба праводзіць маркетынгавыя мерапрыемствы, дэгустацыі, акцыі, быць гнуткім на рынку. Чаму? Таму што на беларускім рынку сёння вялікая канкурэнцыя. Тэхналогіі мяняюцца вельмі хутка, і калі ты ў нейкі момант спыніўся на два-тры-чатыры гады, ты можаш апынуцца літаральна за бортам".

Пра тое, што перапрацоўшчыкам сёння трэба быць больш мабільнымі і гнуткімі, гаварыў і Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька на сустрэчы з калектывам мясакамбіната. Кіраўнік галоўнага медыяхолдынга краіны азнаёміўся з вытворчасцю і ў цэлым застаўся задаволены тым настроем, з якім тут адраджаюць прадпрыемства.

Генадзь Давыдзька, Старшыня Белтэлерадыёкампаніі: "Самае галоўнае, што людзі навучыліся адрозніваць праблемы ад задач. Г. зн. няма вялікіх праблем, ёсць задачы, якія трэба вырашаць. І людзі разумеюць, што ўсё залежыць ад іх саміх. Не чакаюць нейкай падачкі зверху, разумеюць, што трэба якасна, добра працаваць, і ўсё наладзіцца".

Старшыня Белтэлерадыёкампаніі паабяцаў, што пра поспехі гэтага прадпрыемства і ў цэлым пра жыццё Бабруйска і ўсяго рэгіёна абавязкова раскажа і новы тэлеканал "Беларусь 4". Першай сваё вяшчанне на ім пачне менавіта тэлерадыёкампанія "Магілёў".