На Аўгустоўскім канале адкрыўся новы міжнародны маршрут "Аўгуст вела"

3 июня 2019

На веласіпедах у Беларусь з Еўропы. На Аўгустоўскім канале адкрыўся новы міжнародны маршрут  "Аўгуст вела". Гэта трансмежны праект па развіцці турыстычнай інфраструктуры Падляскага ваяводства Польшчы і Гродзенскай вобласці. З беларускага боку ўсяго за год пракладзена амаль 50 кіламетраў шляху. Веламаршрут злучыў памежны пункт пропуску "Лясная - Рудаўка" з горадам Гроднам.

Новы турыстычны маршрут "Аўгуст вела" разлічаны на аматараў актыўнага адпачынку. Калі раней патрапіць у Беларусь па Аўгустоўскім канале замежныя турысты маглі па вадзе або пешкі, то зараз можна здзяйсняць і веласіпедныя падарожжы.

Маршрут "Аўгуст вела" для замежных турыстаў пачынаецца тут - у пункце пропуску "Лясная - Рудаўка". Пасля спрошчанага афармлення дакументаў веласіпедысты адпраўляюцца на Аўгустоўскі канал. Усяго працягласць маршруту па Гродзенскай вобласці каля 50 кіламетраў.

Рэалізаваць такі трансмежны праект атрымалася і дзякуючы дзеянню бязвізавага рэжыму на тэрыторыі Гродзенскага раёна. Маршрут пракладаўся так, каб па дарозе турысты змаглі наведаць як мага больш славутасцяў: Аўгустоўскі канал, палацавыя комплексы і, вядома, гістарычныя месцы Гродна.

Уладзімір Краўцоў, старшыня Гродзенскага аблвыканкама: "Мы яшчэ год таму дамовіліся і падпісалі такое пагадненне для таго, каб далучыцца да міжнародных еўрапейскіх веламаршрутаў, якія праходзяць літаральна побач з нашай мяжой. “Еўра вела” - гэта сістэма еўрапейскіх веласіпедных маршрутаў. "Грын вела" - гэта польскі веламаршрут. І вось якраз "Аўгуст вела" дазволіць нам звязацца з гэтымі маршрутамі".

Галоўная задача новага веламаршруту - прыцягненне замежных турыстаў. Гасцей чакаюць не толькі з Польшчы, але і ўсяго Еўрасаюза.

Артур Касіцкі, маршал Падляскага ваяводства Польшчы: "Мы бачым, што цікавасць да такіх падарожжаў ёсць. Толькі ў маі тут мяжу перасяклі каля 500 турыстаў. Новы маршрут, вядома ж, спрыяе развіццю турыстычнага патэнцыялу гэтых тэрыторый. Тут выдатныя месцы, і з імі павінна пазнаёміцца як мага больш людзей".

У перспектыве плануецца злучыць "Аўгуст вела" з Белавежскай пушчай і распрацаваць сумесна з Падляскім ваяводствам Польшчы і Брэсцкай вобласцю новы веласіпедны маршрут "Белавежа вела".