Адна з апошніх паветраных распрацовак нашых навукоўцаў

10 февраля 2015

Новы беспілотны лятальны апарат "Буравеснік" сёлета пачнуць выкарыстоўваць у МНС. Беспілотнік з маркай "зроблена ў Беларусі" - асаблівая падстава для гонару. Гэта машына можа аўтаномна працаваць 12 гадзін і нават ноччу перадаваць аператару відэа ў рэжыме рэальнага часу. І сёння журналістам прадэманстравалі адразу 8 розных мадыфікацый маленькіх самалётаў. Іх патэнцыял ацаніла і Ксенія Рабчынская.

Адзін беспілотнік за тыдзень і нават гэта не максімальная вытворчая магутнасць лабараторыі. Сяргей Бежалеў сваімі рукамі сабраў ужо 22 апараты, кожнае крыло і падкрылак, фюзеляж і вінт - гэта хэнд-мейд. "Птушачкі", як жартам называюць іх самі навукоўцы,  сюды прыходзяць у выглядзе вось такіх рулонаў шклапластыку з беларускага завода. Пасля  спецыяльная печы, прыкручванне ўсіх вінтоў і   дэталяў ад а да я -- поўны цыкл вытворчасці.

Сяргей Бежалеў, інжынер-тэхнолаг Навукова-вытворчага цэнтра "Беспілотныя авіяцыйныя комплексы і тэхналогіі" НАН Беларусі:

"Адбываецца зборка сілавых элементаў, потым стыкоўка паверхняў і ўстаноўка блокаў кіравання электрычнай часткі і, у прынцыпе, усё. У неба".

У неба толькі летась паляцела беспілотнікаў на 650 тысяч долараў. Гэта  толькі экспарт. Сёлета навукоўцы плануюць прадаць мінімум у чатыры разы больш высокатэхналагічных лятальных апаратаў з маркай "зроблена ў Беларусі". У планах выйсці на суму мінімум  4 мільёны ўмоўных. Напярэдадні прайшлі перамовы аб пастаўках беспілотнікаў у Расію, але геаграфія экспарту, упэўнены навукоўцы, можа быць значна шырэйшай.

Юрый Яцына, начальнік Навукова-вытворчага цэнтра "Беспілотныя авіяцыйныя комплексы і тэхналогіі" НАН Беларусі:

"Нашы беспілотнікі маюць вельмі добрыя характарыстыкі і па паказчыку "цана-якасць". Мы забяспечваем навучанне аператараў,  мы забяспечваем тэхпадтрымку, гарантыйнае абслугоўванне". 

Ужо сёння ў лінейцы прадукцыі - 8 тыпаў беспілотнікаў. Адрозніваюцца яны не толькі памерамі, але і, зразумела, аддаленасцю і вышынёй палёту, максімальнай хуткасцю і, вядома, функцыяналам. Самы магутны распрацаваны ў Акадэміі навук летась - гэта машына "Буравеснік". Сёння завяршаюцца яго выпрабаванне. Зусім хутка ён паступіць на службу ў МНС Беларусі.

Гэта мабільны пункт кіравання найноўшым беларускім "Буравеснікам". Яго вага ўсяго толькі 30 кілаграмаў, гэта значыць перавезці яго можна ў любое месца. Сам жа лятальны апарат можа працаваць на адлегласці да 300 км ад мабільнага пункта кіравання. У той час як дырыжабль страціць радыёсувязь на адлегласці  30 тысяч метраў.

Затое дырыжабль у адрозненне ад беспілотніка можа завіснуць у паветры, каб аператары больш дэталёва вывучылі карцінку, што перадаецца ў рэжыме рэальнага часу. Яго асноўная функцыя - гэта экалагічны маніторынг. Маленькія самалёты  развіваюць хуткасць да 120 кіламетраў за гадзіну. Хутка выявяць пажар, засякуць браканьераў або нават  дапамогуць у кантролі мяжы краіны.

Аляксандр Іваноў, вядучы інжынер-праграміст Навукова-вытворчага цэнтра "Беспілотныя авіяцыйныя комплексы і тэхналогіі" НАН Беларусі:

"Аператар можа адсочваць становішча лятальнага апарата, таксама ёсць карта мясцовасці, дзе аператар можа сачыць за лятальным апаратам і кантраляваць праходжанне маршруту".

Акрамя таго, беспілотнікі можна выкарыстоўваць, напрыклад, для радыяцыйнага маніторынгу. Начынне лятальнага апарата вар'іруецца - ад цеплавізара і інфрачырвонай камеры да лазернага дальнометра. Узлятаць невялікія беспілотнікі могуць прама з далоняў, садзяцца  з дапамогай парашутаў. Не зусім птушкі, вядома, але затое з вышыні  5 кіламетраў убачаць значна больш і далей, чым мог сабе ўявіць чалавек.