У вёсцы Новіны абрад "Цягнуць Каляду на дуба" працягваюць праводзіць паводле ўсіх канонаў

25 января 2020
Асаблівая ўвага ў нашай краіне - адраджэнню традыцый і абрадаў продкаў - іх уносяць у спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Адзін з такіх - "Цягнуць Каляду на дуба". Абрад адрадзілі больш за 20 гадоў таму. І сёння ў Бярэзінскім раёне ў вёсцы Новіны  яго працягваюць праводзіць паводле ўсіх канонаў. Песні, танцы, карагоды - усё, каб атрымаць у новым годзе багаты ўраджай. На каларытным свяце пабывала і Алена Вітко. 

21 студзеня ў Новінскім доме культуры заўсёды гучна і весела. Штогод мясцовыя жыхары збіраюцца разам, каб правесці аўтэнтычны абрад – "Цягнуць Каляду на дуба". 

Вось так выглядае галоўны атрыбут свята - Каляда. Гэта лялька з жытняга снапа, якую паставілі на кола. Зараз яе ўпрыгожваюць, а затым праз усю вёску павязуць да дуба. 

Тым часам на ганку гаспадыні бяруць старыя венікі і сякерай высякаюць ўсе грахі. Пасля чаго на вуліцу выносяць Каляду - і ўсаджваюць яе на сані. Праўда, у гэтым годзе яны імправізаваныя - на колах.

Дружнае шэсце ідзе да адзінокага стогадовага дуба - за некалькі кіламетраў ад вёскі. Нежанатыя хлопцы здымаюць з дрэва леташнюю Каляду і спальваюць яе. А потым - на дуб зацягваюць куццю ў чыгунку і новую ляльку.

Старадаўні абрад у гэтым кутку Мінскай вобласці не проста частка мясцовага жыцця, але і сапраўднае тэатралізаванае шоу. Да каларытнага свята далучаюцца і іншыя жыхары Беларусі.

Абрад аднавілі ў 1998 годзе. Дагэтуль старажытныя традыцыі ў памяці захоўвала Ніна Клімовіч. Яна ж і стала прадаўжальніцай культуры продкаў.

Ніна Клімовіч, жыхарка в. Новіны: "Іменна ў гэты дзень усе прыходзяць у дом культуры. Як раней збіраліся ў самай вялікай хаце. Усе збіраюцца, рыхтуюцца, стравы гатуюць. Пякуць пірагі, каўбасы – калядныя стравы".

Зацягнуўшы Каляду на дуб - усе вяртаюцца ў вёску. Музыканты граюць на народных інструментах, калядоўшчыкі спяваюць і танцуюць, праводзяць народныя гульні… Мясцовыя жыхары лічаць, што калі абрад правесці па ўсіх правілах - то будзе добры ўраджай.

Праводзіны калядных свят сталі своеасаблівым брэндам вёскі Новіны. Абрад уключылі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў  Беларусі.