Мы зрабілі гэта разам. Чыстая экалогія: смеццеперапрацоўка

10 сентября 2015

Кансервавыя бляшанкі, пластык, шкло, папера, старая бытавая тэхніка. Яшчэ шэсць гадоў таму смецце ішло па адным шляху - на палігон. Сёння 100% камунальных адходаў Брэста паступаюць на завод - адзіны ва Усходняй Еўропе, дзе працуюць па прынцыпе "два ў адным". Тут на адной пляцоўцы адначасова перапрацоўваюць цвёрдыя бытавыя адходы, глей і асадкі сцёкавых вод. Апошнія назапашваліся дзесяцігоддзямі. У выніку ўтварыліся мільёны тон глеістых адходаў.

Сяргей Шылінчук, намеснік старшыні Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя: "Існавала сур'ёзная пагроза траплення гэтага віду адходаў у раку Буг пры паводцы. І далей забруджванне ўсяго басейна Балтыйскага мора. Гэта магло выклікаць катастрафічныя наступствы".

У лістападзе 2008 года быў прыняты ўказ Прэзідэнта "Аб будаўніцтве прадпрыемства па перапрацоўцы адходаў у Брэсце". Пры выбары тэхналогіі ўтылізацыі смецця перавагу аддалі навуковым распрацоўкам нямецкай фірмы "Штрабаг". Ужо праз два гады запусцілі першую чаргу па перапрацоўцы сырога асадку сцёкавых вод і залішне актыўнага глею. Праектная магутнасць - 370 тысяч кубічных метраў штогод. Восенню 2011-га на заводзе пачынаюць працаваць лініі па сартаванні і апрацоўцы цвёрдых бытавых адходаў.

Наталля Трыфанава, начальнік аддзела Брэсцкага смеццеперапрацоўчага завода: "Колькасць адходаў, якія паступаюць да нас на перапрацоўку, складае 230 тон за суткі. Гэта супастаўляльнае з масай 150-ці легкавых аўтамабіляў. Адходы, якія адпраўляюцца на закопванне (да будаўніцтва завода гэта было 100%), на сённяшні момант складаюць 60%. Усё астатняе мы накіроўваем у гаспадарчы абарот".

Смецце праходзіць па канвеерных лініях праз магнітныя сепаратары, сартаванне і падзяляецца на фракцыі. Арганічнае трапляе ў асобны бокс, так званы ферментар, дзе змешваецца і раскладаецца. Выпрацоўваецца біягаз. У гэтых збудаваннях - метантэнках - вышынёй з дзевяціпавярховы дом - перапрацоўваюцца глей і асадкі сцёкавых вод. Такім чынам завод атрымлівае экалагічнае паліва з двух патокаў. За тэхнічным працэсам на маніторах спецыялісты сочаць кругласутачна.

Віктар Севасцьянчык, інжынер-тэхнолаг Брэсцкага смеццеперапрацоўчага завода: "Пасля таго як актыўны глей згушчаецца, разам з сырым асадкам паступае ў метантэнкі, дзе на працягу 20 сутак адбываецца браджэнне і выдзяленне біягазу, які паступае ў назапашвальнік - газгольдар".

Газгольдар - гэта рэзервуар, адкуль зялёнае паліва паступае ў міні-ЦЭЦ, дзе і выпрацоўваецца электра- і цеплавая энергія. Такім чынам завод працуе аўтаномна, поўнасцю забяспечвае сябе камунальнымі рэсурсамі і эканоміць на гэтым сродкі. А 65% электраэнергіі, што атрымліваецца ў выніку смеццеперапрацоўкі, прадаецца ў агульную сетку горада. Гэта яшчэ адна крыніца прыбытку. Таксама грошы са смецця прадпрыемства робіць, прадаючы заводам-перапрацоўшчыкам другасную сыравіну, у тым ліку аднаўляюцца прыродныя рэсурсы. А гэта ўжо экалагічны аспект. Каб у атмасферу трапляла мінімум пылу і паху, распрацоўшчыкі праекта прадугледзелі на заводзе сістэму герметычнасці і фільтрацыі паветра.

Сяргей Шылінчук, намеснік старшыні Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя: "Харчовыя адходы, а таксама адходы з утрыманнем арганічных рэчываў, якія лёгка раскладаюцца, дагэтуль закопваліся, а зараз перапрацоўваюцца з атрыманнем біягазу. Акрамя таго, атрымліваецца такі значны эфект – у некалькі разоў памяншаецца выкід парніковых газаў".

Для традыцыйных палігонаў гэта глабальная праблема, якая прыводзіць да забруджвання навакольнага асяроддзя. На Брэсцкім смеццеперапрацоўчым яе вырашылі. І сёння ў Беларусь па досвед прыязджаюць спецыялісты з розных краін СНД, каб не толькі навучыцца выкарыстоўваць смецце з карысцю для экалогіі, але і зарабляць на гэтым грошы.