МУС пракаменціравала вобыскі ў актывістаў незарэгістраваных арганізацый

17 февраля 2021
Сёння МУС апублікавала відэа вобыскаў у актывістаў незарэгістраваных арганізацый, такіх як "Вясна", "Прафсаюз работнікаў РЭП", а таксама БАЖ і пратэстных медыярэсурсаў. 

Падставай да правядзення маштабных вобыскаў сталі вынікі аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў у дачыненні людзей і кантор, якія інфармацыйна і фінансава падтрымлівалі пратэсты ў Беларусі. Яны не проста аказвалі дапамогу, а, выступаючы замежнымі агентамі, арганізоўвалі і спансіравалі пратэсты пад прыкрыццём праваабарончай дзейнасці - інфармуе ГУБАЗ. Падчас следчых дзеянняў канфіскаваныя звыш 80 тысяч долараў, дакументы на атрыманне замежных грантаў, пратэстная літаратура і метадычкі, а таксама сотні квітанцый на аплату штрафаў. 

Вольга Чамаданава, афіцыйны прадстаўнік МУС Беларусі:  "Акрамя таго, выяўленыя дакументы з рэквізітамі для грашовых пераводаў, незарэгістраваная сімволіка (расцяжкі, банары, флагі), дакументацыя аб уступленні ў стачкамы, анкеты аб аказанні дапамогі псеўдарэпрэсаваным, літаратура, якая прапагандуе ЛГБТ-каштоўнасці, а таксама сертыфікаты па навучанні ў замежных ВНУ. Сярод канфіскаванага, меркавана, наркатычныя рэчывы і прадмет, падобны на пісталет (накіраваныя на экспертызу), а таксама офісная тэхніка, ноўтбукі, планшэты, мабільныя тэлефоны, фота- і відэатэхніка, банкаўскія карты, у тым ліку замежных банкаў". 

Усяго праведзена 90 вобыскаў ва ўсіх абласных цэнтрах у рамках крымінальнай справы аб арганізацыі і падрыхтоўцы беспарадкаў. Канфіскаваныя прадметы, рэчы і каштоўнасці накіраваныя ў Следчы камітэт.