Музычны конкурс “Белазаўскі акорд” адкрыў новыя таленты

26 октября 2015

Новыя таленты адкрыў музычны конкурс у Жодзіне. “Белазаўскі акорд” на працягу 14 гадоў аб’ядноўвае таленавітую моладзь. Дарэчы, штогод у канцэрце прымаюць удзел і артысты з Расіі і Украіны. Асаблівасць фестывалю - выкананне песень выключна на беларускай мове. Паслухала іх і Юлія Токар.

Зала Жодзінскага палаца культуры напоўнілася мелагучнымі акордамі гімна белазаўскага конкурсу. Рэспубліканскае спаборніцтва ўжо на працягу 14 гадоў аб’ядноўвае таленты нашай і суседніх краін.

На музычны фэст было пададзена больш за 60 заявак. Гэта маладыя артысты з Беларусі і Расіі. У фінал прайшлі толькі 16 лепшых. Дарэчы, падчас другога конкурснага дня галоўнай умовай было выкананне песні на беларускай мове.

Суправаджаў канцэрт Прэзідэнцкі аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Віктара Бабарыкіна.

На конкурс у Жодзіне Маргарыта Палівода прыехала з Расіі са сваім музычным кіраўніком. Дзяўчына з трох гадоў займаецца музыкай і сваім вакальным майстэрствам гатова пакарыць і беларускую сцэну. Таму для ўдзелу амаль паўгода вучыла нашу мову.

А вось 24-гадовы Аляксандр Саванец са Слоніма сваю прафесійную вакальную дзейнасць звязаў з італьянскай мовай. І паміж выступленнямі на сцэне паспеў нам прадэманстраваць.

Па выніках двухдзённага спаборніцтва пераможцам стаў Аляксандр Саванец. Рэспубліканскі конкурс у Жодзіне адкрывае новыя таленты і пашырае творчыя гарызонты моладзі. А кожны ўдзельнік дадае свае ноты ў “Белазаўскі акорд”.