Музей ваеннай тэхнікі пад адкрытым небам

25 ноября 2015

Новая славутасць з'явілася ў Бешанковічах - музей ваеннай тэхнікі пад адкрытым небам. Экспазіцыя размясцілася ў цэнтральным скверы. Тут устанавілі танкі, гарматы, супрацьтанкавы ракетны комплекс. Плануецца, што хутка музей папоўніцца новымі экспанатамі. А пакуль у райцэнтры працуюць над добраўпарадкаваннем абноўленай алеі. Падрабязна Марына Раманоўская.

Цэнтральны сквер у Бешанковічах. Яшчэ нядаўна яго галоўнай славутасцю быў помнік загінуўшым у вайну камсамольцам. Зараз тут сапраўдны музей пад адкрытым небам. У экспазіцыі - ваенная тэхніка.

Анатоль Журко, начальнік аддзела Бешанковіцкага райвыканкама: "Нам дапамог Віцебскі абласны ваенкамат і Міністэрства абароны. Выдзеліла тэхніку. Мы завезлі 9 адзінак. Міністэрства абароны нам прывезла танк Т-80, а астатнюю мы даставілі ўласнымі сіламі".

Баявыя танкі, ваенныя гарматы, супрацьтанкавы ракетны комплекс. Экспанаты прывезлі з розных куткоў Беларусі. Большасць сышлі з канвеера напрыканцы мінулага стагоддзя. Але ёсць тут і сапраўдныя рарытэты: тэхніка часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Жыхары Бешанковіч узгадваюць кровапралітныя баі. Тут загінулі тысячы вайскоўцаў. Імёны многіх удалося выявіць.

У гады Вялікай Айчыннай вайны акупанты спалілі больш за 40 вёсак у Бешанковіцкім раёне, знішчылі амаль 11 тысяч мірных жыхароў. Раён быў вызвалены ў канцы чэрвеня 1944 войскамі Першага Прыбалтыйскага і Трэцяга Беларускага франтоў.

Супрацоўнікі Бешанковіцкага гісторыка-краязнаўчага музея ў доме Аляксея Куімава частыя госці. Прыходзяць разам са школьнікамі. Ветэрану хутка споўніцца 90. Нягледзячы на ўзрост былы разведчык памятае кожны дзень Вялікай Айчыннай вайны.

Абноўлены сквер стаў любімым месцам у жыхароў райцэнтра. Хутка музей пад адкрытым небам папоўніцца новымі экспанатамі. А пакуль у райцэнтры працуюць над добраўпарадкаваннем алеі. Абяцаюць паспець да Дня Перамогі.