Мазыране першымі ў Гомельскай вобласці ацэняць перавагі жыцця ў арэндных дамах

21 января 2013
З выгляду гэтая новабудоўля нічым не адрозніваецца ад дзясятка такіх жа побач. Вось толькі ўмовы для пражывання тут іншыя - арэндныя. Магчымасць зняць кватэру ў дзяржавы мазыран зацікавіла настолькі, што на 80 кватэр прэтэндуюць больш як 330 сем'яў. Ганна Пясенка - адна з прэтэндэнтаў. Гаворыць, што ў арэндным жыллі для яе адразу некалькі плюсаў - кошт ніжэйшы за той, што ў прыватнікаў, дагавор, у якім прапісаныя ўсе нюансы арэнды, і сам мікрараён, дзе пабудавалі новы дом. 
У першую чаргу права на атрыманне такога жылля маюць тыя, хто стаіць на ўліку на паляпшэнне жыллёвых умоў. Што да цаны, то кошт квадратнага метра ўнаймы ў першым арэндным доме ў Мазыры складае 8 тысяч рублёў. Арэндная плата за аднапакаёвую кватэру складзе прыкладна 340 тысяч рублёў за месяц, двухпакаёвая будзе каштаваць даражэй - дзесьці 450 тысяч. Плюс камунальныя паслугі. Гэта ў любым выпадку танней, чым кошт камерцыйнай арэнды.
Яшчэ адна перавага такога жылля - тут няма гаспадароў, якія могуць у любы момант папрасіць вас з'ехаць. Дагавор арэнды заключаецца на тэрмін ад 1 да 5 гадоў. Калі арандатары паводзяць сябе прыстойна (не парушаюць правілы карыстання жыллём, а таксама своечасова ўносяць аплату), то за імі захоўваецца перавага пры заключэнні новага дагавора. Акрамя таго, застаецца яшчэ і чарга на будаўніцтва ўласнага жылля.
Зараз у такой чарзе ў Мазыры больш за 8 тысяч чалавек. Арэнднае жыллё для іх - рэальны шанц вырашыць жыллёвае пытанне. А для дзяржаўнага бюджэту гэта дадатковы прыбытак. Гэты дом будзе перададзены на баланс мясцовага райжылкамгаса, а сродкі ад арэнды будуць паступаць на яго рахунак. 
Ужо да канца месяца навасельцам уручаць ключы ад іх новых кватэр. А ў наступным годзе ў Мазыры плануюць здаць у эксплуатацыю яшчэ адзін арэндны дом.