Маніторынгавая група ацэніць работу медустаноў Брэста, дзе лечаць пацыентаў з COVID-19

5 июня 2020
Умовы знаходжання пацыентаў, наяўнасць вольных месцаў, медыкаментаў, апаратаў ШВЛ і сродкаў засцярогі для медыкаў. Сёння Брэст наведала маніторынгавая група, каб ацаніць работу ўсіх устаноў абласнога цэнтра, дзе лечаць пацыентаў з COVID-19. Па словах спецыялістаў, вобласць цалкам гатовая да аказання дапамогі такім пацыентам. А Брэсцкую гарадскую бальніцу №1 група ацаніла як узорную для ўсёй краіны ўстанову. Тут лепшым чынам выстраена лагістыка работы з пацыентамі з пазіцыі бяспекі для медперсаналу. А таксама практыка максімальнага абследавання хворых, вядзення медыцынскай дакументацыі, умоў знаходжання медперсанала ў бальніцы. Што датычыцца працы медыкаў рэгіёна ў цэлым, то сёння дастаткова ўсяго, каб справіцца з уздымам захворвання.

Алена Богдан, намміністра аховы здароўя Беларусі: "Усяго дастаткова, рэсурсаў дастаткова, ёсць свабодныя апараты ШВЛ, дастаткова кропак падключэння кіслароду. Той ложкавай магутнасці, якая сёння працуе, гэта недзе працэнтаў 60-70 запланаванай ложкавай магутнасці, якая на сённяшні момант ужо вылучаная". 

Спецыялісты штодня аналізуюць інфармацыю, якая паступае з усіх рэгіёнаў, не толькі па захворванні на каранавірусную інфекцыю, але і пнеўманію. Паводле іх слоў, тэндэнцыя да паніжэння адзначаецца ў Віцебску і Віцебскай вобласці, Мінску і Мінскай вобласці. Брэст зараз знаходзіцца на піку захворвання. Але сітуацыя цалкам кантраляваная і, па прагнозах спецыялістаў, на працягу некалькіх тыдняў нармалізуецца. Галоўнае - выконваць дыстанцыраванне, у шматлюдных закрытых памяшканнях надзяваць маскі і не забываць мыць рукі.