Мінская вобласць сёлета ўвяла ў эксплуатацыю больш за мільён квадратных метраў жылля

30 октября 2015

Да канца года будаўнікі паспеюць здаць яшчэ прыкладна 200 тысяч квадратаў. Новыя дамы будуюцца ва ўсіх раёнах. Асабліва перспектыўным лічыцца Мінскі, а таксама Смалявіцкі, Дзяржынскі і Пухавіцкі. І вось у апошнім сёння ўрачыстасці - 60 сямей атрымалі ключы ад уласных кватэр.

Навасельцаў павіншавала Антаніна Станкевіч. Прывезці свайго гадаванца ў голыя сцены сям’я Захарчук не адважылася. Аднак традыцыі трэба выконваць, а таму кот - роставая лялька - сёння ў навасельцаў нарасхват. Людзі і не ўтойваюць эмоцый - для сямей з Мар’інай Горкі канец тыдня стаў па-сапраўднаму святочным.

Будучыя суседзі – сям’я супрацоўнікаў МНС - пачынаюць экскурсію па новым жыллі з дзіцячай пляцоўкі. Карусель “Рамонак” вельмі падабаецца дачцэ Лізе. Ды і з новымі сябрамі праблем ніякіх не будзе, мяркуючы па колькасці дзяцей побач.

Новы дом пабудавалі ўсяго за год. Шчаслівыя навасельцы – сем’і супрацоўнікаў МНС, МУС, а таксама работнікаў сферы культуры.

На чарзе ў Пухавіцкім раёне – яшчэ 4 ўрачыстыя адкрыцці. Да канца года ключы ад новых кватэр атрымаюць удзельнікі жыллёва-будаўнічых кааператываў. У пасёлку Дружны будаўнікі ўжо на стадыі добраўпарадкавання. Ды і надвор’е работам спрыяе.

Будаўнічая галіна вобласці з планам спраўляецца, хоць і без замінак не абыходзіцца. Да гэтай пары два дамы - з перавышэннем нарматыўных тэрмінаў здачы з-за недахопу фінансавання. Але ў наступным сезоне за іх возьмуцца ў першую чаргу.

У наступным годзе пабудуюць таксама амаль мільён квадратных метраў жылля. У першую чаргу ўлічаць інтарэсы шматдзетных сем’яў, бюджэтнікаў і тых, хто пражывае ў вёсцы.