Мінск стаў першым горадам - кандыдатам на правядзенне шахматнай алімпіяды - 2022

7 апреля 2018

І далей пра гульню, якая ў сабе спалучае элементы спорту, навукі і мастацтва. Мінск - афіцыйны кандыдат на правядзенне 45-й Сусветнай шахматнай алімпіяды - 2022. Беларускую заяўку стаць краінай - гаспадыняй самага буйнога турніру ў свеце шахмат сёння ў гарадской ратушы Міністр спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук уручыў віцэ-прэзідэнту FIDE. Спаборніцтвы планетарнага маштабу праходзяць раз на два гады і збіраюць каля трох тысяч удзельнікаў больш як з 150 краін. Станіслаў Ліпскі працягне.

Вось так ярка і грандыёзна пад патранажам Ільхама Аліева прайшла цырымонія адкрыцця 42-й Сусветнай шахматнай алімпіяды, якая праходзіла ў Баку. А першы падобны старт адбыўся ў далёкім 1927 годзе. За дзевяностагадовую гісторыю гэтыя спаборніцтвы сталі самымі прэстыжнымі ў свеце шахмат.

Сёння і Мінск зрабіў першы крок, каб правесці падобны турнір у сталіцы ў 2022 годзе: Міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук перадаў афіцыйную заяўку Беларусі стаць краінай - гаспадыняй 45-й шахматнай алімпіяды віцэ-прэзідэнту FIDE Георгіасу Макропуласу.

Георгіас Макропулас, віцэ-кіраўнік Міжнароднай федэрацыі шахмат: "Я ўпершыню ў Мінску і вельмі ўражаны горадам. Ваша сталіца чыстая, сучасная, у Вас шмат гасцініц экстра-класа - вельмі ветлівыя і ўважлівыя людзі. Я размаўляў з Максімам Рыжанковым, ён падкрэсліў, што заяўку падтрымліваюць не толькі гарадскія ўлады, але і ўрад, уключаючы Аляксандра Лукашэнку. Нам прыемна такая высокая ўвага, упэўнены, калі алімпіяда пройдзе ў Беларусі, арганізаваная яна будзе на найвышэйшым узроўні".

Геаграфія і маштаб шахматных алімпіяд сапраўды ўражвае: у турніры прымае ўдзел больш як 150 краін, гэта каля 3000 спартсменаў і афіцыйных асоб. Спаборніцтвы паралельна праходзяць і ў мужчын, і ў жанчын на працягу двух тыдняў. У выпадку перамогі беларускай заяўкі цырымонія адкрыцця алімпіяды пройдзе на галоўнай пляцоўцы "Мінск-Арэны", а шахматныя баталіі - на канькабежным авале спарткомплекса.

Правядзенне турніру ў Мінску павялічыць прыток турыстаў у Беларусь, а таксама замежных інвестыцый, бо спонсарамі менавіта шахматных алімпіяд выступаюць так званыя элітныя сусветна вядомыя брэнды, але што самае прыемнае - усімі камерцыйнымі правамі будзе валодаць краіна-арганізатар. У гэтыя дні ў Мінску праходзіць пасяджэнне прэзідэнцкага савета Міжнароднай федэрацыі шахмат - сярод ганаровых гасцей топавы гросмайстар Барыс Гельфанд, выхадзец Мінска, у 2012 быў прэтэндэнтам на званне чэмпіёна свету.

Мінск стаў першым горадам - кандыдатам на правядзенне шахматнай алімпіяды - 2022, час у канкурэнтаў падаць свае заяўкі яшчэ ёсць - да 31 мая.

У выпадку перамогі беларускай заяўкі наша краіна мае права выставіць мінімум па тры каманды як у мужчынскім, так і ў жаночым турнірах. Гэта яшчэ адзін плюс для краіны-арганізатара. На апошняй алімпіядзе ў Баку мужчынская зборная Беларусі заняла 14-е месца, жанчыны прабіліся ў топ-20. Ход канём Мінск зрабіў, ці знойдуцца адказы ў апанентаў, даведаемся ў канцы верасня. Увосень на алімпіядзе ў Батумі выберуць горад, у якім пройдзе гэты турнір у 2022 годзе.