Праект "Вялікі камень" - самы маштабны ў адносінах Беларусі і Кітая

12 мая 2015

У трэці, заключны, дзень візіту Старшыні КНР у Беларусь лідары дзвюх дзяржаў Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін наведалі Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк. Не прыехаць сюды кіраўнік Кітая не мог - бо праект, які называюць новым этапам нашых адносін, Пекін пазіцыянуе ў якасці вузлавой платформы "Эканамічнага пояса Шаўковага шляху". У гэтыя хвіліны там знаходзіцца наша здымачная група. І на сувязь са студыяй выходзіць Сяргей Гусачэнка (прамое ўключэнне).

Каля паўгадзіны назад картэжы двух лідараў прыбылі ў Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк. Праект, безумоўна, знакавы і самы маштабны ў двухбаковых адносінах - праект, які выводзіць іх на новы ўзровень. Варта адзначыць, што ў апошнія дні навін з пазнакай "Вялікі камень" нямала. Я нагадаю, зараз тут ідуць працы па стварэнні інфраструктуры - гэта дарогі, інжынерныя сеткі. Вялікую частку плануюць завяршыць да канца 2015-га. Дарэчы, ужо сёлета кітайскія карпарацыі-гіганты ZTE і Huawei пачнуць будаўніцтва высокатэхналагічных вытворчасцяў.

Словам, праект актыўна развіваецца, і першыя вынікі сёння прадставілі прэзідэнтам. Толькі што мы атрымалі відэа. Я папрашу рэжысёраў паказаць кадры. Кіраўнікі дзяржаў наведалі месца першага этапу будаўніцтва, азнаёміліся з прэзентацыяй "Вялікага каменя" - палітыкам паказалі нават вялікі макет будучай інавацыйнай пляцоўкі. Лідары краін заверылі праект па сутнасці горада ў горадзе, паставіўшы пад ім свае подпісы. Аб інвестыцыйных праектах распавялі і першыя рэзідэнты парка. Пасля гэтага сімвалічная цырымонія: кіраўніцтва адміністрацыі "Вялікага каменя" ўручыла пасведчанні аб рэгістрацыі сямі рэзідэнтам - сярод іх, дарэчы, ёсць і беларуская кампанія. Яшчэ 13 кампаній абмяняліся пагадненнямі аб намеры ўступіць у парк.

Адзначым, што "Вялікі камень" - гэта апошні пункт у праграме насычанага трохдзённага візіту старшыні КНР у Беларусь. Прама адгэтуль картэж кітайскага лідара накіруецца ў Нацыянальны аэрапорт. Наперадзе - амаль дзесяць гадзін шляху і 6,5 тысяч кіламетраў. Выдатная магчымасць абдумаць тыя дамоўленасці, якія дасягнуты падчас гэтага візіту, а праектаў і пагадненняў нямала, і азначыць планы на будучыню. Падрабязней аб сустрэчы лідараў у індустрыяльным парку распавядуць мае калегі ў наступных выпусках.