Мінск апранаецца ў навагодняе ўбранне

22 ноября 2019
Дзённае ўбранне галоўнай ёлкі краіны можна ўбачыць ужо сёння! На Кастрычніцкай плошчы спецыялісты завяршаюць працу. На галінках размясціліся паўтысячы сняжынак і амаль тры тысячы шароў. Мантаж гірлянд пачнуць у найбліжэйшыя дні. 

Апошняя прымерка навагодняга касцюма і ў вітрын сталічных магазінаў. Шмат цікавых і незвычайных фотазон і ў гандлёвых цэнтрах. Больш падрабязна - Наталля Кезік.

Чатырнаццаць сняжынак за гадзіну паспявае выразаць сучасны комплекс. У якасці матэрыялу падыходзяць пластыкавыя экапанелі. Менавіта ў гэтым цэху без перапынку рыхтуюць убор для галоўнай ёлкі краіны. Сняжынкі дыяметрам ад 20 да ста сантыметраў. Такія цацкі ў сталіцы выразаюць упершыню. 

З цэха сняжынкі трапляюць адразу на Кастрычніцкую плошчу, дзе работы ідуць нават познім вечарам. Тут зараз упрыгожваюць галоўную ёлку краіны. Сукенку самай высокай прыгажуні збіраюць з паўтысячы сняжынак і амаль трох тысяч шароў.

Канчаткова дзённы ўбор на ёлку "апрануць" сёння. Адразу ж спецыялісты пачнуць мантаж вячэрняга касцюма - светлавой ілюмінацыі. Яна сёлета, як запэўніваюць майстры, сапраўды здзівіць мінчан і гасцей горада. Яркімі гірляндамі сёлета аздобяць ёлку каля Палаца спорту. Арыгінальнае арт-дрэва з'явіцца і ля гарадской ратушы. 

З'явіцца ў сталіцы шмат тэматычных ёлак: з літарамі - каля бібліятэкі, музычная - ля філармоніі і спартыўная - побач з “Чыжоўка-Арэнай”. Хутка навагодні дэкор з'явіцца і ў вітрынах магазінаў. Напрыклад, за шклом аднаго з буйных універмагаў сталіцы завяршаецца мантаж зімовага калейдаскопа. 

Навагодняга настрою дадае і аздабленне буйных гандлёвых цэнтраў. Чароўныя гномы і арэлі, вялізныя ёлкі і калядныя вянкі. А побач - безліч разнастайных фотазон з марожаным, кубкам гарачай кавы і аленямі, запрэжанымі ў сані. 

На вуліцах Мінска таксама з'явяцца дадатковыя святочныя лакацыі. Галоўныя фотазоны ўсталююць побач з галоўнай ёлкай каля Палаца спорту і “Чыжоўка-Арэны”. У цэнтры навагодніх інсталяцый будуць светлавыя шары.