Міністр адукацыі ўзнагародзіў ліцэіста, які выратаваў хлопчыка са Свіслачы, за гераічны ўчынак

1 ноября 2017

Не чакаў, што ўчынак хтосьці заўважыць, прызнаўся ў інтэрв'ю нашаму тэлеканалу 15-гадовы Віталь Цітоў, што выратаваў у мінулую суботу 9-гадовага хлопчыка, які тануў у Свіслачы. Віталь вучыцца на 1-м курсе Мінскага дзяржаўнага ліцэя № 9 аўтамабілебудавання. Падлетак вырашыў пайсці па слядах бацькі і атрымаць прафесію зваршчыка. Яго геройскі ўчынак можна лічыць прыкладам для маладых людзей. Так сказаў пра Віталя Міністр адукацыі Ігар Карпенка. Сёння ён спецыяльна прыехаў у ліцэй і падзякаваў падлетку, а таксама ўручыў памятныя падарункі - мабільны тэлефон і гадзіннік.

Нагадаем, у мінулую суботу ля дамбы, што падзяляе Камсамольскае возера і раку Свіслач, Віталь Цітоў выцягнуў з вады хлопчыка. Дзіця было без прытомнасці і сэрцабіцця. Медыкам удалося яго рэанімаваць. Зараз ён знаходзіцца ў 2-й дзіцячай бальніцы. Стан хлопчыка ўрачы па-ранейшаму ацэньваюць як стабільна цяжкі.