Мінчане сустрэлі першы снег

23 ноября 2015

Дажджы і цёплае восеньскае надвор'е саступілі месца зіме. Сёння раніцай у сталіцы выпаў першы снег! Аднак ён прыносіць не толькі радасць, але і некаторыя складанасці, перш за ўсё камунальным службам і аўтамабілістам. З самай раніцы ім першым прыйшлося даставаць зімовы інвентар, а некаторыя нават спазніліся на працу праз заторы на дарогах. Антаніна Станкевіч пра тое, як мінчане сустрэлі першы снег.

Першымі снег сустрэлі работнікі камунальнай службы. Замест мятлы сёння ім прыйшлося ўзяць у рукі шуфлі і скрыні з пяском. І хоць такі першы снег ненадоўга, раніцай, асабліва калі злёгку падмарожвае, ападкі могуць ператварыцца ў галалёдзіцу.

Да зімы камунальныя службы падрыхтаваліся загадзя: закупілі некалькі тысяч адзінак ручнога інвентару, адрамантавалі тэхніку і навясное абсталяванне. Так што больш сур'ёзныя ападкі не заспее камунальнікаў знянацку. Галоўная задача работнікаў ЖЭСаў падчас зімы - расчышчаць пешаходныя дарожкі. Сёлета абавязкам камунальніка стане і ўборка машына-месцаў ад снегу.

Прагнозы сіноптыкаў на гэты тыдзень, хутчэй, малапрыемныя. Мокры снег і адмоўныя тэмпературы ўначы могуць з лёгкасцю ператварыць дарогі ў каток. Ды і тэмпература паветра далёкая ад камфортнай. Аднак менавіта такое надвор’е для гэтай пары года і лічыцца кліматычнай нормай.

Дадалося работы і ў супрацоўнікаў ДАІ. З раніцы яны адзначаюць некаторы ўсплёск дробных ДТЗ. Рэцэпт безаварыйнай язды ў такое надворе даволі просты: выконваць хуткасны рэжым і дыстанцыю, а таксама ўключаць блізкае святло фар. Апошняе - гэта больш рэкамендацыя, аднак у некаторых нашых суседзяў за выключаныя агні можна атрымаць немалы штраф.

Больш за ўсё ДТЗ здараецца ў часы пік, тым больш што зараз яны прыпадаюць на цёмны час сутак. Аднак уважлівым трэба быць увесь час за рулём.