Малавядомыя кадры з архіва БелТА прапанавалі шырокай публіцы

6 сентября 2017

Эвалюцыя беларускай сталіцы ў фотаздымках. Малавядомыя кадры з архіва БелТА прапанавалі сёння шырокай публіцы. "Параўнай Мінск" - частка мультымедыйнага праекта найбуйнейшага інфармацыйнага агенцтва краіны да юбілею горада - адлюстроўвае сталіцу і яе жыхароў праз прызму часу. На вінтажны Мінск паглядзела і Ніна Мажэйка.

Сучасны будынак, у якім зрабілі экспазіцыю - у сэрцы Цэнтральнага раёна - не адбіўся ў фотахроніцы мінулых гадоў. Зразумела, па аб'ектыўных прычынах, бо цэнтр з'явіўся тут адносна нядаўна і носіць назву сталіцы. Фотапраект удала размясцілі - як востраў. На першым паверсе.

Па супадзенні гандлёвы цэнтр мае назву галерэі. Уваход у яе вольны. Вось такі паблік-арт адразу прымушае спыніцца наведвальнікаў. А паток гледачоў тут не слабы. У дзень - сотні чалавек. На фота з датай «1984 год» замест шклянога будынка - універсітэцкі інтэрнат. А так выглядае праспект Пераможцаў зараз. У такіх пераўтварэннях - сутнасць праекта.

Фотавінтаж ад карэспандэнтаў найбуйнейшага інфармацыйнага агенцтва краіны. Мінск як губернскі горад на здымках пачатку 20 стагоддзя - яны трапілі ў архіў у савецкі час, пасляваенны, а таксама як сталіца 10-мільённай незалежнай дзяржавы праз 5 дзясяткаў кадраў.

Фотастужка БелТА штодзённа размяшчае 20-25 тэм - гэта больш за сотню здымкаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. У гады Вялікай Айчыннай вайны белтаўцы таксама змагаліся на фронце з блакнотам і камерай у руках. Асабліва актыўна падчас вызвалення. Плошчу Перамогі не адразу пазнаеш. Вось месца абеліска - вакол разруха. А гэта ўжо сучасны праспект Незалежнасці. Дарэчы, у кадр трапілі не толькі архітэктурныя ансамблі, але і тыя, хто іх ствараў.

Хештэг #унасврайоне - працуе для ўсіх, хто хоча зафіксаваць сябе на фоне пазнавальных ці не надта аб'ектаў цэнтра горада. Медыяпрастору фарміруюць жыхары ці госці Цэнтральнага раёна. А наваколле ўсяго Мінска - мы.