Аматарскаму калектыву "Зорачка" - 55

20 февраля 2018

Іх адмысловыя песні і танцы вось ужо паўстагоддзя адраджаюць народны фальклор, абрады і традыцыі. Аматарскаму калектыву "Зорачка" - 55. Артысты вывучаюць харэаграфію, музыку, вакал з прыстаўкай этна-.

Аўтэнтычнае мастацтва ацаніла і Юлія Токар. 1963 год. У Палацы піянераў створаны гурткі, дзе юныя артысты вучацца спяваць і танцаваць. З часам групы аб'ядналі, калектыў атрымаў званне ўзорнага, і «Зорачка» заззяла на міжнародным небасхіле.

Сёння ў калектыве каля дзвюх соцень таленавітых зорачак - ад 4 гадоў да 28. Яны адраджаюць народны фальклор, абрады і традыцыі. Напрыклад, з музыкай самыя маленькія ўдзельнікі ансамбля знаёмяцца праз цымбалы. Дзіцячыя пальчыкі далікатна кранаюцца нацягнутых струн.

Жалейка, басэтля, акарына. За 20 гадоў Аляксей Ясючэня авалодаў бадай усімі інструментамі аркестра. І на любым старажытным можа сыграць.

Захапленне народнай творчасцю, аўтэнтыкай у дзяцей праз асабісты вопыт выхоўвае мастацкі кіраўнік Ала Навіцкая. Яна родам з вёскі Слуцкага раёна. Матуля – ткачыха, бацька – шапавал, рабіў валёнкі. Працавітасць і любоў да роднай зямлі сёння перадаюць у творчых пастаноўках.

А гэта скарбонка нацыянальнага каларыту. Тут не проста сукенкі і кашулі, а адмысловыя аўтэнтычныя касцюмы пэўнага часу і рэгіёна. Вось тут, напрыклад, Брэст, а гэта гомельскія падсіванкі.

Сёлета «Зорачцы» - 55. Нумароў і артыстаў з кожным годам становіцца ўсё больш. Больш і краін, дзе беларускі каларыт ведаюць і заўсёды чакаюць. Нязменна юныя зорачкі выходзяць на сустрэчу да гледачоў і натхняюць сваім самабытным талентам.