Касцёл Святога Тадэвуша рыхтуецца адсвяткаваць юбілей

17 октября 2015

Апошні помнік езуіцкага манументальнага дойлідства рыхтуецца адсвяткаваць юбілей. Касцёл Святога Тадэвуша вось-вось размяняе чвэрць тысячагоддзя. Помнік архітэктуры ў вёсцы Лучай Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці захапляе "трохмерным" роспісам, курантамі і нават фігурай пантыфіка. Якія таямніцы захоўвае падзямелле касцёла, раскажа Іна Пілевіч.

7 гадоў таму пра гэты беларускі храм напісалі бадай усе аўтарытэтныя выданні свету. Інфармацыйная нагода - ля касцёла Святога Тадэвуша адкрылі статую Бенедыкта 16-га. Першы ў свеце помнік 265-му Папе Рымскаму, пастаўлены прыжыццёва. Пантыфік вітае і благаслаўляе прыхаджан, паломнікаў і турыстаў вёскі Лучай.

Будаўніцтва святыні яшчэ ў другой палове 18 стагоддзя ініцыявала Альжбэта Пузыня – сваячка аўтара паланеза, кампазітара Станіслава Агінскага. Праект касцёла належыць італьянскаму архітэктару Карлу Спампані. Будаваў храм па тэхналогіі, вядомай яшчэ з часоў Старажытнага Рыма – у раствор абавязкова дадаваліся яйкі. У выніку атрымаўся помнік барока з рысамі класіцызму.

Дзякуючы Агінскім у вёсцы ЛУчай з’явіўся свій Біг-Бэн. З 18 стагоддзя касцёльныя куранты б’юць кожныя паўгадзіны. Але арыгінальны механічны гадзіннік у свой час быў пашкоджаны маланкай. Таму яго замянілі на сучасны. Цяпер стрэлкі наводзяцца са спадарожніка.

Лучайскія каталікі моляцца сярод фрэсак фармату 3Д. Сцены касцёла ўпрыгожваюць так званыя аптычныя роспісы, якія выглядаюць як сапраўдныя скульптуры. На ілюстрацыях не толькі біблейскія вобразы, але і выявы тагачаснай шляхты, хто канкрэтна намаляваны, можна толькі здагадвацца. Але больш таямніц хаваецца пад падлогай храма. Па паданні, касцёл, палац і вежа, узведзеныя Агінскімі, былі звязаны падземнымі тунэлямі.

Помнік архітэктуры пацярпеў у савецкія часы. У эпоху атэізму тут размяшчаўся склад. Службовыя атрыбуты і іконы, рызыкуючы жыццём, ратавалі мясцовыя жыхары. Між іншым, да нашага часу захаваўся арган. Праўда, гучыць ён не на ўвесь голас. З 12 рэгістраў працуе толькі 5.

У касцёл – на канцэрт. Апошнім часам тут ладзяцца фэсты, рознажанравыя музычныя праграмы – ад бардаўскай песні да року. Святыня стала сапраўдным домам культуры для вёскі з насельніцтвам дзве сотні чалавек. А ў маі тут быў адкрыты музей - экскурсія праходзіць па крутых драўляных лесвіцах акурат да касцёльнага звана.