Конкурс "ТэхнаІнтэлект" аб'яднаў дзве сотні распрацовак школьнікаў і студэнтаў-наватараў

17 марта 2018

Інавацыі на прадпрыемствах свабодных эканамічных зон Беларусі. Доля ноу-хау прадукцыі ў эканоміцы краіны - сёння 16%. Задача бліжэйшых дзесяцігоддзяў - павялічыць лічбу амаль удвая. Значная роля ў развіцці такой вытворчасці - у маладых даследчыкаў. Кожны год іх збірае ў сталіцы конкурс навукова-тэхнічнай творчасці «ТехнаІнтэлект». Аляксей Кандраценка ацаніў самыя перспектыўныя праекты.

Ад прыроды - прынцып арыентацыі ў прасторы лятучай мышы, ад тэхналогій - фізіка і 3D-прынтар. Інавацыя Мікіты Хадаронка дапамагае людзям, пазбаўленым зроку, самастойна перамяшчацца па горадзе. «Бэт Віжн» школьніка з Беразіна - гэта спецыяльная бейсболка і дадатковы дэвайс.

Ноу-хау Анастасіі Кавун з Магілёва - элемент земляробства будучыні. Але выкарыстоўваць інавацыю ў офісе, зімовым садзе і нават цяпліцы можна ўжо сёння. Смарт-кіраванне фітасістэмай - гэта калі штучны інтэлект сам назірае за станам раслін.

Рэспубліканскі конкурс «ТэхнаІнтэлект» аб'яднаў дзве сотні распрацовак школьнікаў і студэнтаў-наватараў з усёй краіны. Сферы розныя - ад энергетыкі і мультымедыя да авіяцыі і архітэктуры.

Дарэчы, БНТУ - невыпадковая пляцоўка для правядзення конкурсу. Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт - своеасаблівы кластар, які аб'ядноўвае навуку і вытворчасць. Толькі за апошняе дзесяцігоддзе ўніверсітэт адкрыў 33 новыя спецыяльнасці.

У форуму наватараў і рацыяналізатараў сваё крэда - не проста знайсці талент і падтрымаць яго ноу-хау, але і інтэграваць навуковыя распрацоўкі ў эканоміку.

У перспектыве свой патэнцыял наватары могуць задзейнічаць і ў якасці рэзідэнтаў тэхнапаркаў. Тым больш што сёлета ўзмацняецца падтрымка такіх навукова-вытворчых кластараў. Важкі стымул і ў саміх пераможцаў «ТэхнаІнтэлекту». Прызёры атрымаюць 13 тысяч рублёў для далейшай камерцыялізацыі сваіх праектаў. Зрэшты, нават сам удзел у конкурсе - гэта ўжо своеасаблівы аванс і, па сутнасці, добрая магчымасць для старту кар'еры.