Да II Еўрапейскіх гульняў студэнцкая вёска ператворыцца ў спартыўны мегаполіс

29 марта 2019

Мінск  усё больш актыўна і ярка апускаецца ў атмасферу II Еўрапейскіх гульняў. Наша сталіца міжнароднага спартыўнага форуму  сустрэне ўдзельнікаў і гасцей, як гаворыцца, па вышэйшым разрадзе. Дарэчы, некалькі тэледаведнікаў па Мінску  прапанавалі і журналісты "Еўраньюс". За некалькі дзён  відэа паглядзелі амаль паўсотні тысяч чалавек,  і гэта толькі рускамоўная версія. Да новых вышынь цягнуцца і будаўнікі ў студэнцкай вёсцы. Тут узвялі два новыя інтэрнаты. Першымі  іх выпрабуюць менавіта спартсмены II Еўрапейскіх гульняў. Для чаго ў кожным нумары з'явіліся ложкі-канструктары? Які спартыўны лёс чакае самы маштабны фуд-корт Еўрапейскіх гульняў? І краш-тэст ад прафесійнага спартсмена. Ператварэнне студэнцкай вёскі ў спартыўны мегаполіс - у сюжэце Яна Пашкевіча.

Так, мае калегі з "Еўраньюс" правялі нядрэнную экскурсію для гледачоў, але я б дадаў  яшчэ адну лакацыю - студэнцкую вёску, дзе і паселяцца больш за 4000 спартсменаў з усёй Еўропы. Аднак першыя дасягненні тут устанаўліваюць будаўнікі. Вось гэты самы вялікі інтэрнат, а гэта яго пакой. Што тут яшчэ адбываецца, зараз распавяду. 

Традыцыйны беларускі войт маштабнага спартыўнага паселішча - Андрэй Палавінкін - робіць усё, каб студэнцкая вёска з кожным днём усё больш выходзіла на пік сваёй формы.

Ратушай Спартвіля стане адзін з двух новых інтэрнатаў. Першай сюды пераехала штаб-кватэра адміністрацыі вёскі. Змяняюць імідж інтэрнатаў не толькі знадворку, вялікі апгрэйд адбыўся і ў пакоях. Узровень інтэрнатаў давядуць да 3-зоркавага гасцінічнага комплексу.

Правесці жа краш-тэст камфорту спартыўнай вёскі мы запрасілі ўласнага жыллёвага эксперта.

Удар трымаць прыйдзецца ад сярэбранага прызёра Еўрапейскіх гульняў у Баку і ўдзельніка Алімпіяды ў Рыа - баксёра Дзмітрыя Асанава. Раўнд першы.

Пры гэтым прастору беларускіх пакояў можна ацаніць нават па гэтых кадрах з алімпійскага Рыа. 

У калідорах  тым часам вялікі будаўнічы бум, тут заканчваюць з мейкапам інтэр'ераў. 

Побач узводзяць і вялізную станцыю падзарадкі спартсменаў - маштабны кругласутачны фуд-корт на 2000 чалавек амаль гатовы.

Спартыўны дух гэтыя будынкі захаваюць і пасля спаборніцтваў. Тут уладкуюць некалькі міні-арэн для мясцовага СДЮШАР па фігурным катанні. А вось сам каток на час стане вялікай кухняй.

Алімпійскі мікрараён набярэ аптымальную форму ўжо да 1 мая. На час жа II Еўрапейскіх гульняў гэтае месца будзе жыць у рытме нон-стоп - у абноўленых апартаментах паселіцца амаль 6000 тысяч удзельнікаў галоўнага еўрапейскага старту чатырохгоддзя.