Хрысціяне адзначаюць Яблычны Спас

19 августа 2019

Сёння хрысціяне адзначаюць адно з дванаццаці галоўных царкоўных святаў - Праабражэнне Гасподняе. У народзе дзень больш вядомы як Яблычны Спас. Паводле паданняў, менавіта з гэтага моманту можна ўжываць усе спелыя плады сёлетняга ўраджаю.

Ад Ларысы Гулякевіч даведаемся, як па-сучаснаму святкуюць другі Спас жніўня. Ігар - малады фермер. Яблычны бізнес сямейны. Падыход да справы адказны. У гаспадарцы выкарыстоўваюцца апошнія сучасныя тэхналогіі захавання і апрацоўкі яблыкаў. Прадпрымальнік валодае і тэорыяй, і практыкай. Першае месца надае сорту "алеся" і "беларускаму салодкаму". Усё ўлічваецца: і сабекошт, і збыт, і попыт на прадукцыю, і густы спажыўцоў, і сюрпрызы надвор'я. Так, самы небяспечны вораг для яблыкаў - град, які апошнімі гадамі стаў больш буйным і частым.

Хрысціянскае свята звязана з апошнім годам зямнога жыцця Ісуса, калі ён падняўся на гару Фавор са сваімі вучнямі, змяніўся і быў названы сынам Бога-Айца.

Клірык Дзмітрый, які служыць у Свята-Пакроўскім маладзечанскім храме, лічыць, што моладзь з цікавасцю і задавальненнем працягвае старажытныя традыцыі. У жніўні адзначаюць тры Спасы: Мядовы, Яблычны і Арэхавы. Сёння на другі Спас у царкве асвячаюць не толькі яблыкі, але і іншыя плады: садавіну і гародніну, якая ўжо паспела.

Падчас другога Спаса працягваецца Успенскі пост. Тыя, хто вырашыў прытрымлівацца старых традыцый, не ужываюць мяса, алкаголь, тлустую ежу. Але запякаюць яблыкі, вараць кампоты і варэнне, пякуць пірагі з поснага цеста. Гаспадыня Гала не бачыць сямейнае снеданне без простага яблычнага пірага - беларускай шарлоткі. Сустракайце Яблычны Спас з яблычнымі пірагамі.