Кожны год у Беларусь на лячэнне і аздараўленне прыбываюць каля 200 тысяч іншаземцаў з 140 краін

3 ноября 2019
Гэта нашы суседзі з Расіі, Украіны і госці далёкага замежжа з Бразіліі, ЗША, Кітая, Судана. 

За мінулы год замежныя пацыенты прывезлі ў нашу краіну больш за 43 мільёны долараў. І гэта не мяжа. Да канца 2019 і гэты рэкорд будзе пабіты. 

Святлана Чарнова не прапусціла магчымасць і асабіста пагутарыла з тымі, хто дзеля выніку гатовы пераадолець нават не сотні, тысячы кіламетраў.

Першыя гадзіны пасля аперацыі. Вольга прыехала з Украіны. Ёй выдалілі стрыжань, што замацоўваў вялікую галёначную косць левай нагі. Гэта апошні этап яе бальнічнай гісторыі. Пералом дзяўчына атрымала 2 гады таму, катаючыся на лыжах. У Адэсе ўкраінцы ўсталявалі апарат Ілізарава.  9 месяцаў лячэння выніку не далі. Жонка і мама 2 хлапчукоў звярнулася па дапамогу ў беларускую клініку. 

Відавочцамі гэтай шчаслівай гісторыі наша здымачная група стала дзесьці паўтара месяца таму. 28-гадовы Айман Садыг цвёрда стаіць на нагах і хай не без дапамогі, але ўпэўнена ідзе па калідорах цэнтра. Зямлю пад нагамі хлопец упершыню адчуў у гэтых сценах. Пацыент нарадзіўся з паталогіяй правадных шляхоў спіннога мозгу і ніколі не хадзіў. У Судане, Егіпце і Германіі дапамагчы Айману не змаглі. Выправіць прыроджаны дыягназ за 2 аперацыі змаглі беларускія спецыялісты РНПЦ траўматалогіі і артапедыі.

Сюды ў РНПЦ траўматалогіі і артапедыі на шпіталізацыю штогод прыбываюць каля дзвюх сотняў іншаземцаў з Расіі, Ірака, Азербайджана, Туркменістана. За апошнія 9 месяцаў ужо пралячыліся 154 пацыенты. І прама зараз у гэтай аперацыйнай плечавую косць аднаўляюць грамадзяніну Казахстана.

Найскладанейшыя аперацыі на пазваночніку: дэкампрэсія спіннога мозгу, выдаленне міжпазваночнай грыжы, выпраўленне скаліёзу. Гэта толькі малая частка паслуг, па якія пацыенты гатовыя пераадольваць сотні і нават тысячы кіламетраў. Папулярна і дзіцячая артапедыя. Малышам  выпраўляюць прыроджаны вывіх сцягна або касалапасць.

Гэты пацыент па галівудскую ўсмешку прыбыў у нашу краіну з Фларыды. У стаматалагічным беларускім крэсле Сцівен Вангардэр ужо не першы раз. Шэф-повару амерыканскага рэстарана  тут, на радзіме сваёй жонкі,  выдалялі зуб мудрасці, лячылі карыес і рэстаўравалі сколаты зуб.

У топе стаматалагічных паслуг у іншаземцаў - тэрапеўтычнае лячэнне, імплантацыя і пратэзаванне. За год стаматолагі Беларусі прынялі амаль 12 тысяч іншаземцаў, зарабіўшы краіне больш за мільён долараў. У 2017 гэтая лічба лічылася ўсяго толькі тысячамі. Вырас і сярэдні чэк на аднаго пацыента. У 2018 ён павялічыўся прыкладна на 26 долараў. 

Шчаслівы канец з грузінскім акцэнтам. У РНПЦ "Кардыялогія" Ніно Чэішвілі разам з мужам прыехала лячыць паражоную сардэчную мышцу. Беларусь выбрала па парадзе знаёмага, у якога менавіта ў гэтых сценах забілася новае сэрца. 

150 замежных пацыентаў за год. Найскладанейшыя захворванні сэрца тут лечаць, выкарыстоўваючы высокія тэхналогіі. 

На гэтым 3D-прынтары зараз ідзе раздрукоўка чарговай мадэлі. У выніку атрымаецца вось такое пластыкавае сэрца. Зараз хірург зможа ўбачыць, якую частку міжжалудачкавай перагародкі трэба выдаліць, каб пацыент быў здаровы.

У 2018 годзе на экспарце медпаслуг Беларусь зарабіла больш за 43 мільёны долараў. Самыя папулярныя сферы: анкалогія, траўматалогія і артапедыя, кардыялогія, стаматалогія і касметалогія.

Станоўчая статыстыка, зразумела, не можа канкурыраваць з той колькасцю падзяк, якія на розных мовах штодзень гучаць у адрас нашых спецыялістаў. І ўсе не без удзелу ў першую чаргу беларускіх пацыентаў, чые шчаслівыя гісторыі выздараўлення разлятаюцца далёка за мяжу.